Беларусь і Пакістан могуць павялічыць узаемны тавараабарот да 1 млрд. долараў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня на беларуска-пакістанскім бізнес-форуме, які праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

Паводле яго слоў, 2015 год стаў знакавым для беларуска-пакістанскіх адносін. «Створана трывалая аснова для збліжэння нашых краін у самых розных сферах — палітыцы, эканоміцы, навуцы, адукацыі і культуры», — сказаў Лукашэнка. 

Беларускі кіраўнік перакананы, што цяперашні бізнес-форум будзе спрыяць павелічэнню ўзаемнага тавараабароту паміж Беларуссю і Пакістанам на працягу найбліжэйшых гадоў. 

«Я памятаю, што мы са спадаром прэм'ер-міністрам у Ісламабадзе (візіт Лукашэнкі ў Пакістан у маі 2015 года. — БелаПАН.) паставілі перад сабой мэту дасягнуць тавараабарот у мільярд долараў. І для гэтага ёсць усе перадумовы, ёсць тыя тавары, у якіх маем патрэбу мы і ў якіх мае патрэбу Пакістан, — заявіў Лукашэнка. — Вось чамусьці сёння мне сціпла прапаноўваюць на працягу найбліжэйшых двух-трох гадоў павялічыць тавараабарот у два разы. Што, мы будзем таптацца на месцы? 100 млн. долараў — гэта хіба тавараабарот для эканомік такіх краін? Таму, я думаю, што прэм'ер-міністр Пакістана мяне ўжо і ў Мінску падтрымае, што нам трэба паставіць перад сабой мэту павелічэння тавараабароту да мільярда долараў». 

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што дагэтуль тавараабарот паміж Беларуссю і Пакістанам быў зусім невялікім — «50, ну, 65 млн. долараў у год». 

Ён дадаў, што і Беларусь, і Пакістан зацікаўлены ў паступовым пераходзе ад узаемнага гандлю да вытворчай кааперацыі, у прыватнасці, у такіх сферах, як энергетыка, сувязь, лагістыка, біятэхналогіі, фармакалогія, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?