Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, удзельнічае ва ўрачыстасцях з нагоды 90-годдзя ўтварэння і 25-годдзя адраджэння Гомельскай епархіі.

Кіраўнік БПЦ прыбыў у абласны цэнтр і ўзначаліў святочную літургію ў Свята-Петрапаўлаўскім кафедральным саборы. Дарогу ад уваходу ў палацава-паркавы ансамбль да сабора мясцовыя вернікі выслалі шматметровым дываном з жывых кветак. 

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік інфармацыйнага аддзела Гомельскай епархіі протаіерэй Алег Кастрама, кветкі для дывана прыносілі прыхаджане сабора, яны ж і складалі з букетаў дыван.

Протаіерэй растлумачыў, што малюнак у цэнтры дывана — сімвал арла. Згодна з біблейскай сімволікай, арол служыць увасабленнем божай любові, сілы і моцы, юнацтва і бадзёрасці духу.

Арнаментальна стылізаваныя арлы — тыповая дэталь упрыгажэння сярэднявечных храмаў, а таксама літургічнага адзення і прадметаў. 

Высцілаць перад мітрапалітамі дываны з жывых кветак — традыцыя праваслаўнай царквы. Да прыкладу, у Віцебску мінулага кіраўніка БПЦ Філарэта сустракалі дываном з белых кал. У Гомелі таксама падчас прыезду ўладыкі Філарэта ў 2012 годзе высцілалі дыван з кветак, праўда, больш сціплы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?