Гэтым разам Рэдакцыя палічыла лішнім галасаваньне наконт асобаў лютага. Выбар відавочны – Аляксандар і Ірына Казуліны.

Аляксандар і Ірына Казуліны. 15 лютага ў Віцебску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прапаноўваў палітвязьню Аляксандру Казуліну вызваленьне ў абмен на выезд з краіны ў Нямеччыну. Лукашэнка сказаў: «Наколькі я інфармаваны, гэтая пазыцыя ня ўстроіла аднаго Казуліна. Пытаньне было ў тым, што ягоная жонка хворая, і да мяне зьвярнуліся паслы Эўрасаюзу... Я згадзіўся — хай вязе, лечыць жонку. Але наколькі ранкам я быў інфармаваны, ён адмовіўся яе лячыць. Але гэта сямейныя праблемы, адмовіўся, дык адмовіўся. Ён адмовіўся нават пасьля таго, як ягоныя дочкі паехалі і ўгаворвалі ўратаваць маму, яму гэтая мама ўжо даўно не была трэба... Але я не хачу ўлазіць у чужыя дзялы, жыцьцё ўсе расставіць па сваіх месцах».

Cьмяротная хворая Ірына Казуліна знайшла ў сабе сілы адказаць на гэтыя словы адкрытым лістом. Яна ўжо не магла гаварыць, але пісала: «Зачапіла за жывое грэблівае стаўленьне да нашай сям’і. Хоць часам здаецца, што нічога падобнага ўжо не можа вывесьці з сябе, цынізм дзівіць. Тыя прапановы, якія былі агучаныя яго пасланцом нам, былі непрымальнымі. Гэта было б ганебнымі ўцёкамі з краіны».

23 лютага Ірына Казуліна памерла. Адміністрацыя калёніі доўга не хацела выпускаць А. Казуліна на пахаваньне жонкі. Але пакутніца-жанчына абудзіла такую хвалю грамадзкага спачуваньня і абурэньня, што ўлады ўрэшце былі вымушаныя адшкадаваць палітыку тры дні адпачынку.

Разьвітацца з Ірынай Казулінай у Чырвоны касьцёл і на могілкі ў Тарасава прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Гэта жанчына стала ўвасабленьнем і сымбалем усіх мукаў, якія выпадаюць на долю сваякоў беларускіх палітвязьняў.

Перад самым вяртаньне ў турму Аляксандар Казулін сказаў: «Я дарую Лукашэнку, мая сям’я даруе яму. Я працягваю руку да Лукашэнкі з абсалютна чыстым сэрцам і намерамі. Я прапаноўваю яму забыцца на ўсе асабістыя крыўды».

Гебхардт Вайс. Сэпаратныя перамовы нямецкага пасла з Лукашэнкам скончылася вызваленьнем шэрагу палітвязьняў. Цягам лютага на волі апынуліся Артур Фінькевіч, Андрэй Клімаў, Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Стала відавочна, што афіцыйны Менск праводзіць нейкія перамовы зь Нямеччынай. Казаў пра ролю пасла Вайса і А. Казулін: «Я магу сказаць, што нямецкі пасол Вайс дзейнічаў сумленна. Ён шчыра хацеў нам дапамагчы. Тое, што было потым іншая гісторыя. Разумееце, немцы часта не разумеюць нашу рэчаіснасьць і нюансы, якія вельмі важныя».

Андрэй Хадановіч. Культурны голад, які ўтварыўся ў выніку забаронаў на беларускую культуру і друк, у лютым спаталяў Андрэй Хадановіч падчас прэзэнтацыі новай кнігі вершаў “Бэрлібры”. На імпрэзу прыйшло некалькі соцень чалавек. Усе ахвотныя нават не змаглі зьмясьціцца ў тэатральнай залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Хадановіч мае неаспрэчны талент і папулярнасьць і дае прыклад творчай і грамадзянскай нястомнасьці.

Уладзімер Здановіч. Дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч, які каардынуе распрацоўку новага закону «Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі, заявіў прама, для каго прымаецца закон аб кропках, косках і вялікіх літарах у слове Прэзыдэнт: «Пасьля прыняцьця закону «Наша Ніва» і «Arche» павінны будуць кіравацца зацьверджанымі правіламі». Словы Здановіча супярэчаць ягоным жа заявам месячнай даўніны, дзе парлямэнтар выказваў зусім іншыя думкі: «Нельга чалавеку забараніць размаўляць і пісаць на той мове, на якой ён хоча. Калі хтосьці чытае газэту «Наша Ніва», часопіс «Arche», дык наўрад ці іх будуць забараняць». Характэрна, што радыкальныя зьмены ў закон былі ўнесеныя перад другім чытаньнем, безь ніякіх нават кансультацый з навукоўцамі.

Косаўскія альбанцы. 17 лютага палітычная мапа сьвету папоўнілася яшчэ адной незалежнай дзяржавай. Парлямэнт Косава адзінагалосна прагаласаваў за абвяшчэньне незалежнасьці краю ад Сэрбіі. Косава пачало барацьбу за незалежнасьць у 1970-я, калі край нават ня меў дзяржаўнага статусу ў былой Югаславіі. Агмянём нацыянальна-вызвольнае барацьбы быў унівэрсытэт Прышціны, а маральным лідэрам руху — нядаўна памерлы філёзаф Ібрагім Ругова. Хаця касавары і абвясьцілі незалежнасьць, пытаньне, ці стануць яны нацыяй, застаецца адкрытым.

Антон Кушнір. Наймацнейшая ў сьвеце беларуская школа фрыстайлістаў-акрабатаў займела яшчэ адну зорку – Антона Кушніра. 23-гадовы мянчук ідзе другім у агульным заліку Кубку сьвету, саступаючы толькі канадзкай легендзе фрыстайлу Омішлю, і апярэджваючы славутага суайчыньніка Дашчынскага. У лютым Кушнір выйграў першы тытул у сваім жыцьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?