Мы едзем, а яны стаяць.

Прадаюць людзі чарніцы каля дарог. Прадаюць і алычу месцамі, абрыкосы, гуркі, але найбольш цяпер — ягады. 

На павароце да Белага Возера пад Берасцем — па 25 тысяч за літр. На трасе Берасце—Мінск, дзе больш сталічных машын, па 30 тысяч. Ёсць і хітрыя, што просяць па 40—50 тысяч, у разліку на тых, што бяруць першае лепшае, не таргуюцца.

Мы ягады на зіму марозім. Гэта прасцей, чым варыць. Дзеці добра ядуць.

«А колькі вам трэба?» — пытаецца жанчына гадоў сарака.

«А колькі маеце?» — жартую я.

«Сем літраў во набрала», — жанчына толькі прыйшла, ягада свежая, сёння браная.

Трохі сухаватая ад сушы, не вельмі салодкая сёлета, бо першая палова лета была халоднай, мала цукру ў ягадзе. Але ж якая ёсць.

Мы б узялі больш.

«Уладзік, нясі сюды!» — крычыць яна хлопцу, што стаіць з другога боку трасы, дзе цянёк ад бору.

«І мае вазьміце!» — напрошваецца старая кабета поруч. — «І ў мяне ж ягадка адна ў адну».

Бабулька таксама вельмі чысценькая, можна было б узяць і ў яе, не гідка будзе есці, чарніцы ж не мыюць. Не ведаю, хто і купляе іх у алкаголікаў, якіх таксама сярод прадаўцоў нямала. Ёсць жа і не грэблівыя людзі. Ці мо з жалю, на варэнне.

«Я сем набрала, і сын сем набраў», — дзеліцца жанчына.

Хлопец гадоў пятнаццаці падыходзіць са сваім пластыкавым вядзерцам.

Колькі ж святога цярпення трэба мець, каб браць ягады ў гэткую спёку! Нават калі выходзіць у лес на світанні, калі яшчэ абсядаюць цябе злыя камары. Усё адно, пакуль націркаеш вядро гэткай позняй, рэдкай ужо ягады, сонца выйдзе ў зеніт, і тры вады з цябе сплыве.

Колькі трэба часу, каб набраць сем літраў сёлета, калі ягады дробныя? Мусіць, гадзін 5. Плюс каб прадаць — яшчэ пару гадзін. І за васьмі- ці дзесяцігадзінны працоўны дзень заробіш 200 тысяч.

Ніколі не забуду, як і нас бралі ў лес малымі. Сонца пячэ, баішся змей, а збіраеш у маленькі жалезны кубачак. Маленькі — каб дзіця хутчэй набірала, каб не знуджвалася па ягадцы кідаць у тую самую нібыта бяздонную пасудзіну. Хтосьці заблукаў, гукае: «Оў!» І рэха. Плыве пах гарачай смалы… Эх, успаміны…

Спрабаваў і я сваіх дзяцей прывучыць збіраць ягады самым. Пішчыце, плачце, а на возера не павязу, пакуль не назбіраем пяць літраў для мамы і бабы. Скончылася тым, што сыну на адно месца сеў клешч. Во яшчэ паскудства развялося за нядаўнія гады, раней мы іх не ведалі. Натрывожыліся з тым кляшчом і насмяяліся.

Цяжка прывучаць да чагосьці такога, ад чаго нічога ў жыцці дзяцей не залежыць.

А вось жыхарам івацэвіцкіх бароў — гэта выжыванне.

Андрэй Федарэнка ў сваіх творах апісвае, як жа ён ненавідзеў гэтыя ягады, гэтыя грыбы, без якіх і ў Савецкім Саюзе паляшучка не магла адзець дзіця ў школу, выжыць. І цяпер не можа.

Вось ён, чорны эквівалент. Людзі ў вёсцы радыя мучыцца за 200 тысяч за дзень. Дай ім спакойную работу па 5—6 мільёнаў у месяц, будуць шчаслівыя.

Каб ім той мільён новых працоўных месцаў, дык пажылі б хоць, як іх еўрапейскія аднагодкі. Такі ты цярплівы і такі працавіты, народ мой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?