Індыец Пранаў Лал прыстасаваў праграму для сляпых да мастацтва: vOICe дапамагала распазнаваць сляпым форму аб’ектаў і дыстанцыю да іх, Лал з яе дапамогай робіць фота-«песні», распавядае New Scientist.

Сляпы ад нараджэння Лал пакуль мае цяжкасці з распазнаваннем таго, што «спявае» яму фота з мноствам складаных аб’ектаў. Але часцей за ўсё можа зразумець, што на пярэднім плане і што на фоне. Найлепшыя фота-«песні» са сваіх вандровак ён збірае ў калекцыю.

«Пейзажы з мноствам розных элементаў гучаць цікава, — кажа ён. — Напрыклад, мост са шматлікімі кабелямі ці пейзаж з ручаямі і камянямі. Гэта як карціна-аркестр».

Праграма vOICe робіць каляровую выяву чорна-белай, затым гукам апісвае вынік злева направа. Чым вышэй светлы аб’ект на фота, тым вышэй тон гуку, а чым больш яскравы аб’ект, тым большая гучнасць. Для карыстання праграмай Ліл носіць на галаве камеру, злучаную са смартфонам.

Праграма дазваляе сляпым разрозніваць нярэзкія аб’екты амаль так жа, як людзям з нармальным зрокам, нават чытаць з яе дапамогай друкаваныя словы і адрозніваць колеры. Як аказалася, праграма здольная паказаць трэніраванаму чалавеку цэлыя карціны.

***

Іншым чынам робіць фота невідушчая беларуска Наталля Кавалевіч: праграма на тэлефоне словамі апісвае ёй тое, што трапляе ў аб’ектыў камеры. Увесну ў культурнай прасторы «ЦЭХ» праходзіла яе фотавыстава «Твар, які займае кветку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?