Пытанне аб наданні Беларусі новага крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця будзе абмяркоўваць місія экспертаў фонду, якая прыедзе ў Мінск 24—28 жніўня.

Абмяркоўваць яны будуць у тым ліку і прычыну невыканання Беларуссю умоў атрымання шостага, папярэдняга крэдыту. Пра гэта заявіў журналістам старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця Дзмітры Панкін.

Дзмітрый Панкін. Фота: прэс-служба ЕАБР

Дзмітрый Панкін. Фота: прэс-служба ЕАБР

«Мы плануем, што 24—28 жніўня ў Беларусь на перамовы з урадам прыедзе наша камісія, місія нашых экспертаў.

Там мы плануем дэталёвую размову па кожным паказчыку. Валютныя рэзервы: што выканана або не выканана, якія застаюцца рознагалоссі, аб'ём крэдытавання эканомікі, які ўзровень кампенсавання тарыфаў на ЖКГ, кампенсаванні транспартных тарыфаў. Такая размова адбудзецца. Я спадзяюся, што мы зможам знайсці кампраміс», — сказаў Панкін.

Ён нагадаў, што Беларусі раней ужо быў выдзелены фінансавы крэдыт і на апошнім пасяджэнні Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) абмяркоўвалася пытанне надання новага крэдыту. «Рашэнне было такое: паглядзець, чаму не былі выкананыя ўсе тыя ўмовы, якія ставіліся пры выдачы першага крэдыту на 3 млрд долараў. Там, як вядома, не быў рэалізаваны шосты транш, бо не былі рэалізаваныя тыя ўмовы, якія былі выстаўлены. Логіка рашэння аб недаванні шостага транша была наступная: мы не можам гаварыць аб новых умовах, новых макраэканамічных дамінантах, калі не выкананы старыя. Давайце разгледзім выкананне старых дамінант і тады будзем прымаць рашэнне аб новым крэдыце. Будзе гэта шосты транш або будзе новы крэдыт — не так важна, як ён будзе называцца», — адзначыў банкір. 

Паводле яго слоў, у Мінску з членамі ўрада якраз абмяркоўвалася сітуацыя з новым крэдытам. «Цяпер трэба паглядзець умовы: макраэканоміка, меры, якія тычацца грашова-крэдытнай палітыкі. Што захоўвае сваю актуальнасць, дзе можна змяніць сваю пазіцыю, зблізіць пазіцыю бакоў», — заявіў Панкін.

Распавядаючы пра эканамічную сітуацыю на еўразійскай прасторы, старшыня праўлення ЕАБР прызнаў, што большасць макраэканамічных праблем рэгіёна пачалася пасля рэзкай дэвальвацыі расійскага рубля.

Панкін растлумачыў, што пры гнуткім курсе расійскага рубля, і палітыцы Казахстана, накіраванай на ўтрыманне курсу тэнге, склалася сітуацыя «калі народ паваліў за мяжу на закупы і шмат прадпрыемстваў Казахстана проста ўсталі».

На пытанне, ці хопіць сродкаў банка на новы крэдыт у 2—3 млрд. даляраў, якія просіць Беларусь, ён адказаў:

«У банка такіх магчымасцяў няма. Гэта ідзе за кошт фонду, які фарміруецца ўзносамі краін-удзельніц, у першую чаргу Расійскай Федэрацыі, пытанне да бюджэту Расійскай Федэрацыі».

Панкін таксама паведаміў, што ў рамках візіту на «БелАЗ», Еўразійскі банк развіцця і ААТ «БелАЗ» падпісалі пагадненне аб рэструктурызацыі даўгоў па раней выдадзеных крэдытах. «Мы перагледзелі папярэднія графікі выплат і распрацавалі новы, заключылі дадатковае пагадненне з улікам выдачы прадпрыемству новых дзяржаўных гарантый», — сказаў Панкін.

Ён таксама паведаміў, што ў ходзе візіту 13—14 жніўня ў Беларусь наведае шэраг прадпрыемстваў, праекты якіх фінансуе ЕАБР («Алютэх», БМЗ, Полацкая ГЭС).

У сакавіку 2015 года Беларусь звярнулася ў ЕФСР з заяўкай на атрыманне новага крэдыту на 3 млрд долараў. 3 ліпеня савет фонду даручыў дапрацаваць матрыцу эканамічных мер, якімі краіна павінна будзе кіравацца ў выпадку атрымання крэдыту фонду. 

4 жніўня старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр заявіў, што канчаткова сума крэдыту, якую Беларусь можа атрымаць у Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, пакуль не вызначана. «Заяўка першапачаткова была на 3 млрд долараў, гэта парогавы ўзровень, які тэарэтычна мог быць задаволены, але канкрэтныя лічбы залежаць ад шэрагу фактараў, у тым ліку ад магчымасцей Еўразійскага фонду», — адзначыў Калаур. 

Наступнае пасяджэнне савета фонду запланавана на чацвёрты квартал 2015 года. Пры гэтым эксперты, знаёмыя з сітуацыяй, удакладняюць, што рашэнне аб выдзяленні крэдыту Беларусі можа быць прынятае і раней па выніках завочнага пасяджэння краін — членаў фонду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?