У Магілёве затрыманы за дробнае хуліганства 64-гадовы пенсіянер збіў дзвюх жанчын-фельчараў хуткай дапамогі.
Як паведамілі ў аддзеле прафілактыкі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама, інцыдэнт у апорным пункце міліцыі па Пушкінскім праспекце здарыўся 13 жніўня. «Нецвярозы мужчына быў затрыманы за правапарушэнне. Паскардзіўся, што яму не вельмі добра, і папрасіў выклікаць хуткую дапамогу. Выклікалі. Прыйшлі два фельчары-жанчыны. Яму штосьці ў іх размове не спадабалася, і ён накінуўся на іх», — сказалі ў абласной міліцыі.
«Мы з напарнікам неадкладна спынілі дзеянні п'янага хулігана, прымяніўшы да яго фізічную сілу і наручнікі. На жаль, пенсіянер паспеў прычыніць медработнікам цялесныя пашкоджанні, але іншыя магчымыя наступствы яго супрацьпраўных дзеянняў нам удалося прадухіліць», — паведаміў старшы лейтэнант міліцыі Раман Цюльманкоў.
На месца здарэння прыбыла следча-аператыўная група Кастрычніцкага РАУС. У дачыненні да магіляўчаніна распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).