Міліцыя ўмяшалася ў абрад хрышчэння, які праводзілі прыхаджане царквы хрысціян веры евангельскай «Благадаць» 15 жніўня на цэнтральным пляжы Смалявіцкага вадасховішча (Мінская вобласць). Пра гэта паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, які стаў сведкам здарэння.

Паводле яго слоў, 15 жніўня некалькі дзясяткаў пратэстантаў разам з пастарам мелі намер правесці таінства хрышчэння на беразе Смалявіцкага вадасховішча. Акрамя іх там прысутнічала пяць чалавек, якія прыйшлі адпачыць.

Блізка паўдня да вернікаў падышоў міліцыянер. Пасля высвятлення сітуацыі ён склаў у дачыненні да пастара царквы пратакол аб адміністрацыйным парушэнні на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і меў намер адвезці яго ў апорны пункт. 

Міліцыянер звязаўся па рацыі з калегамі, і неўзабаве на беразе з'явіліся яшчэ трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Паводле слоў Садоўскага, верагодна, гэта было мясцовае міліцэйскае начальства. Міліцыянеры пагутарылі з пастарам і дазволілі праводзіць хрышчэнне, папрасіўшы вернікаў толькі адысці крыху далей ад цэнтральнага пляжа.

Прыхаджане «Благадаці» аддаліліся прыкладна на паўкіламетра ад месца, дзе ўзнік канфлікт, і абрад атрымаў працяг. Міліцыянеры назіралі за ім здалёк.

«Адзінае, што засталося незразумелым, гэта тое, які будзе лёс складзенага на пастара пратакола», — сказаў Садоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?