Афіцыйны курс даляра ў Беларусі складае 15 991 рублёў. Гэты курс штодня вызначаецца падчас таргоў на валютна-фондавай біржы.

Дзякуючы новаўвядзенням Нацбанка, фарміраванне курсаў стала больш празрыстым. Аналізуюцца ўсе аперацыі па куплі/продажы валюты, і сярэдні курс становіцца афіцыйным. Фактычна ў жывым эфіры ўсе ахвотныя могуць адсочваць гэты працэс.

Тым не менш апошнія дні, калі амерыканская валюта ўшчыльную падступіла да 16 тысяч, фіксуюцца дзіўныя лічбы.

12 жніўня, курс даляра вырас з 15771 да 15989 рублёў. Таргі пачыналіся з 15900, даляр даходзіў раўнютка да 16000, але ніводнай даражэйшай угоды зафіксавана не было.

13 жніўня, курс даляра вырас з 15989 да 15997. Удзельнікі рынка, здаецца, маральна падрыхтаваныя да таго, каб перадолець псіхалічную мяжу. Аб'ём таргоў у параўнанні з папярэднім днём вырастае ў паўтара разу. Самыя танныя ўгоды заключаюцца па курсе 15930, самыя дарагія — раўнютка 16000. Але ні на рубель даражэй ніхто плаціць за валюту нібыта не хоча.

14 жніўня, курс даляра апускаецца з 15997 да 15991. Угоды заключаюцца ў дыяпазоне 15985— 16000 рублёў за даляр. Зноў ніводная аперацыя не заходзіць за псіхалагічную мяжу.

Тры дні запар на біржы не праходзіць ніводная аперацыя, даражэйшая за роўна 16 тысяч рублёў. Няўжо ўдзельнікі рынку прынцыпова адстойваюць прыгожую лічбу?

Пры гэтым банкі (напрыклад, «Масква-Мінск», які належыць Нацбанку) гатовыя купляць даляры ў насельніцтва па 16 000, прадаючы іх аж да 16270 рублёў («БПС-Сбербанк»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?