Расійскі касманаўт Алег Навіцкі пабываў на святкаванні Дня Ваенна-паветраных сіл Беларусі, перадае БелТА.

Касманаўт, які нарадзіўся ў горадзе Чэрвень Мінскай вобласці, адзначыў, што сустракае святы для кожнага лётчыка дзень на роднай зямлі. «Я акурат цяпер у адпачынку і віншую ўсіх авіятараў Беларусі з гэтым знамянальным днём», — падзяліўся Алег Навіцкі.

Алег Навіцкі — камандзір касмічнага карабля «Саюз ТМА-06М», які стартаваў у кастрычніку 2012 года, Герой Расіі.

Дзень Ваенна-паветраных сіл адзначаецца ў Беларусі штогод у трэцюю нядзелю жніўня.

Сёння на аэрадроме Баравая пад Мінскам гледачы змаглі ўбачыць выкід парашутыстаў з малой вышыні, а таксама паназіралі за палётамі двух новых вучэбна-баявых самалётаў Як-130, Як-52, баявога верталёта Мі-24 і верталёта Мі-8.

Два новыя вучэбна-баявыя самалёты Як-130 у небе над аэрадромам Баравая выканалі дзве фігуры пілатажу: віраж і баявой разварот.

Як паведамлялася, чатыры новыя паветраныя судны Як-130 былі перададзеныя на 116-ю гвардзейскую штурмавую авіяцыйную базу ў красавіку і ўвайшлі ў склад яе асобнай эскадрыллі. Паветранае судна, распрацаванае КБ імя Якаўлева, прызначана для асноўнай і падвышанай падрыхтоўкі лётчыкаў франтавой авіяцыі. Самалёт адрозніваецца найвышэйшай манеўранасцю і сучасным бартавым радыёэлектронным абсталяваннем, характэрным для найноўшых баявых самалётаў, а таксама высокай надзейнасцю і доўгім рэсурсам.

Пасля авіяшоў ўсе, хто жадаў, маглі стаць пасажырамі на Ан-2, Мі-2, Як-52 і Robinson R44, а таксама наведаць музей авіяцыйнай тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?