Нядаўна прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Цярэшчанка сказаў радыё «Свабода», што ў яго падтрымку, нібыта, удалося сабраць 128 тысяч подпісаў. І, сцвярджаў ён, поспех дасягнуты праз тое, што зборшчыкам плоцяць грошы. «Наша Ніва» пацікавілася ў Віктара Цярэшчанкі, аб якой менавіта суме ідзе гаворка. Але ў адказ прэтэндэнт разам з начальнікам уласнага штаба ўзяліся абвяргаць адзін аднаго, перадаючы трубку.

«Я, па шчырасці, не ведаю, гэтымі пытаннямі займаецца Алег Пятровіч [нач. штаба Цярэшчанкі Несцяркоў — НН], я перадам яму трубку», — адразу саскочыў Віктар Цярэшчанка, перадаўшы слухаўку свайму паплечніку.

Атрымаўшы трубу, Алег Пятровіч нечакана… абверг словы свайго шэфа.

«Як гаворыцца, калі касцёр не гарыць, то туды трэба штосьці падкідваць. Так і тут, — пачаў Алег Пятровіч, — гэта было зроблена для пэўнай інтрыгі. Але калі хтосьці ўсур’ёз кажа, што мы там плоцім… Гэта не так. Я вам яшчэ раз заяўляю — мы нікому не плацім».

Паводле начальніка штаба Цярэшчанкі, яны нясуць толькі тэхнічныя выдаткі: на паліва, тэлефоны, ежу для зборшчыкаў.

А валанцёры, сказаў начальнік штаба, прыходзяць да іх па перакананні, «бо давяраюць».

Паводле звестак Цэнтравыбаркам, на сёння ў перадвыбарчым фондзе кандыдата Цярэшчанкі крыху болей за 9 мільёнаў рублёў. Калі ўлічыць, што ў ініцыятыўнай групе 916 чалавек і верыць сп.Несцеркову, то на кожнага з іх прыпадае трохі менш, чым па 10 тысяч рублёў на ежу, паліва і тэлефон.

«А тое, што Віктар Іванавіч [Цярэшчанка] сказаў, сказаў… Ён сам ведае, што ён сказаў. Ён гэта адмыслова сказаў, каб інтрыгу стварыць», — рэзюмаваў Алег Пятровіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?