Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у студзені—ліпені гэтага года ВУП знізіўся на 4% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам пры гадавым прагнозе росту на 0,2—0,7% і склаў 482,89 трлн. рублёў.Вытворчасць прамысловай прадукцыі знізілася на 7,2% і склала 412,4 трлн. рублёў.

Выпуск сельгаспрадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый паменшыўся на 11,5% і склаў 56,7 трлн. рублёў.

Інвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся на 14,6%, да 108,5 трлн. рублёў.

Перавозкі грузаў транспартам паменшыліся на 1% і склалі 260,3 млн. тон. 

Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме рэалізаванай прадукцыі склала 13% супраць 15% у мінулым годзе.

Запасы гатовай прадукцыі склалі 34,9 трлн. рублёў, ці 73,7% да сярэднямесячнага аб'ёму прамвытворчасці (у студзені—ліпені 2014 года гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні 79,9%). 

Пры гэтым увод у эксплуатацыю жылля за сем месяцаў вырас на 4,4% у параўнанні з аналагічным леташнім паказчыкам і склаў 3 млн. 103,4 тыс. кв. м. 

Рознічны тавараабарот павялічыўся на 1% і дасягнуў 193,3 трлн. рублёў, у той час як аптовы — знізіўся на 2,7% і склаў 346,2 трлн. рублёў.

Між тым Міністэрства эканомікі прагназуе ў другім паўгоддзі аднавіць станоўчую дынаміку ВУП. «Мы не пераглядалі афіцыйны прагноз на 2015 год, які прадугледжвае рост ВУП на ўзроўні 100,2—100,7%», — заявіў 27 ліпеня ў Брэсце міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі.

«Хоць, канешне, у розных сцэнарыях даем розныя ацэнкі, — дадаў ён. — Мяркуем, што дасягнутая ў выніку дзеянняў урада і Нацбанка макраэканамічная стабілізацыя, паскарэнне расійскай эканомікі ў другім паўгоддзі, зніжэнне працэнтных ставак Беларусі ўнясуць важны ўклад у паскарэнне эканамічнага развіцця ўжо сёлета». 

16 жніўня ў інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала ОНТ Зіноўскі заявіў, што да канца года неабходна найперш павысіць аб'ёмы прамысловай вытворчасці і продажу, а таксама «на поўную катушку» выкарыстоўваць наяўныя крэдытныя лініі. 

Паводле яго слоў, галоўнай задачай урада сёлета было стабілізаваць макраэканамічную сітуацыю ў краіне. «Плацежны баланс — прыкладна паўтара мільярда долараў. Адмоўнае сальда паменшылася на 3,7%. ВУП скараціўся па выніках паўгоддзя на 3,3%. Заработная плата не расце. Грашовыя даходы насельніцтва ўпалі на 5%. Але гэта 

— цана таго, што мы своечасова разлічыліся па знешніх даўгах і ў перспектыве крэдытныя рэсурсы дазволяць эканоміцы больш інтэнсіўна развівацца, — падкрэсліў міністр эканомікі. — Мы не дапусцілі зніжэння пенсій. Рэальная заработная плата крыху падрастае. Заработная плата не павінна быць ніжэйшай чым летась». Трэба адзначыць, што міжнародныя фінансавыя інстытуты прадказваюць зніжэнне ВУП Беларусі па выніках гэтага года. У прыватнасці, МВФ прагназуе падзенне беларускай эканомікі на 2,3%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — на 2,5%, Сусветны банк — на 3,5%. Больш аптымістычныя прагнозы ў Еўразійскага банка развіцця, але і тут эксперты прадказваюць падзенне ВУП на 1—2%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?