Заснавальнік легендарнай групы NRM, а цяпер лідар калектыва «Крамбамбуля» Лявон Вольскі запрошаны для ўдзелу ў дні «Слухаем забароненых», які адбудзецца ў рамках «Фестывалю 800» у англійскім Лінкальне.

Фестываль прысвечаны 800-годдзю прыняцця Вялікай Хартыі Вольнасцяў, якая стала асновай сучаснай сістэмы правоў чалавека.

Канцэрт «Слухаем забароненых» пройдзе 5 верасня і збярэ музыкаў, якія не маюць магчымасці выступаць у сябе на радзіме ці творчасць якіх абмяжоўваюць па палітычных матывах.

Акрамя Лявона Вольскага, арганізатары фестывалю запрасілі егіпецкага музыканта Рамі Эсама, якога называюць бардам рэвалюцыі 2011 года на каірскай плошчы Тахрыр. Рамі Эсам быў арыштаваны, прайшоў праз допыты і катаванні. Цяпер жыве ў шведскім Мальмё.

Яшчэ адным удзельнікам акцыі «Слухаем забароненых» стане баскская хіп-хоп-выканаўца Фермін Мугуруза.

Галоўная мэта фестывалю — звярнуцца да тэмы роўнасці і правоў чалавека. Тое, што менавіта гэтыя выканаўцы выйдуць на фестывальную сцэну — яркі знак таго, якую трывалую спадчыну Вялікая хартыя вольнасцяў пакінула людзям па ўсім свеце, адзначыў дырэктар «Фестывалю 800» Дэвід Ламберт.

Фестываль арганізаваны кампаніяй Сultural solutions UK для мясцовага самакіравання графства Лінкальншыр пры фінансавай падтрымцы Англійскай мастацкай рады. Мерапрыемствы ў рамках фестывалю будуць працягвацца дзесяць дзён — з 28 жніўня па 6 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?