Цягам мінулага тыдня старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі атрымаў два лісты: ад міністра абароны Леаніда Мальцава і рэктара МДЛУ Натальлі Баранавай.

«Добра, што абодва адказы напісаныя на неблагой беларускай мове. Гэта яскрава сьведчыць пра тое, што дзяржаўныя ўстановы пры найменшым жаданьні маглі б весьці ўсе службовыя справы, ліставаньне на мове тытульнай нацыі», — кажа сп.Баршчэўскі

У лісьце кіраўніцтва Партыі БНФ да Мальцава закраналася сытуацыі з навабранцам Зьмітром Жалезьнічэнкам, якога выключылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а пасьля прызвалі служыць у войска.

«Міністар абароны ў сваім адказе фактычна ўхіліўся ад абмеркаваньня дадзенай праблемы, спаслаўшыся толькі на рашэньне суду Савецкага раёну Гомеля. Таксама Мальцаў піша, што мы можам абскардзіць рашэньне ў вышэйстаячых дзяржаўных органах або у судзе. Па вялікім рахунку, гэты ліст можна лічыць звычайнай адпіскай», — лічыць лідэр Партыі БНФ.

Да рэктара Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага унівэрсытэту Натальлі Баранавай Лявон Баршчэўскі зьвяртаўся ў сувязі з адлічэньнем з ВНУ студэнта-першакурсьніка Антона Каліноўскага, які гэтай зімой за акцыю салідарнасьці адседзеў 15 сутак на Акрэсьціна.

«Сыстэматычныя пропускі студэнта, пасіўнасьць на занятках і рэгулярная непадрыхтаванасьць да іх, адмоўна адбіліся на выніках сэмэстравых кантрольных прац. Паважаны Лявон Пятровіч, наша з Вамі alma mater, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт, быў і застаецца навучальнай установай, у якой вучацца і працуюць людзі розных поглядаў на сьвет, у чым можна лёгка пераканацца. Наша ВНУ вылучаўся і вылучаецца клапатлівымі адносінамі да ўсіх таленавітых і працавітых студэнтаў. Мы заўжды ўважліва і ўзважана прымаем рашэнні ў разнастайных, часам вельмі няпростых сітуацыях, што адбываюцца ў жыцці маладых людзей, заўжды гатовыя ісці ім насустрач», — адзначыла ў сваім лісьце Н.Баранава.

Лявон Баршчэўскі на гэта кажа:

«Безумоўна, хацелася б верыць словам рэктара Натальлі Баранавай. Але, на жаль, выпадак з Антонам Каліноўскім ня ёсьць першым выпадкам адлічэньня моладзевага актывіста апазыцыйнай структуры з МДЛУ».

Пакуль на зварот старшыні Партыі БНФ не адрэагаваў толькі рэктар БДУ Васіль Стражаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?