Вывучэнне мінулага па газетах і архіўных запісах тэлевізійных навін — цікавая і нават захапляльная справа.

З яе дапамогай можна легка знайсці, напрыклад, абяцанні дзяржаўных дзеячаў аб павышэнні заробкаў, якія не былі выкананы, ці прагнозы разнастайных экспертаў адносна эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне, якія так і не здзейсніліся. Тут можна ўспомніць вядомы ў сацсетках скрыншот навіны 2008 года з выказваннем Пятро Пракаповіча, калі ён абяцаў беларусам 1000 еўра сярэдняга заробку ў 2015 годзе.

25 гадоў назад наша краіна абвясціла суверэнітэт. Я вырашыў пагартаць старонкі «Советской Белоруссіі» лета 1990 года, каб лепей зразумець настроі ў беларускім грамадстве таго часу. Журналісты заўсёды пішуць тое, што хочуць ведаць чытачы і што для іх цікава. І вось, сярод іншых нумароў з надрукаванымі там афіцыйнымі дакументамі і пастановамі, у нумары за 14 жніўня на першай старонцы я ўбачыў вельмі знаёмы твар.

Артыкул з назвай «Працаваць усё роўна буду» быў прысвечаны дэпутату Вярхоўнага Савета, дырэктару саўгаса «Гарадзец» А. Р. Лукашэнку.

Аўтар матэрыялу журналістка Ліля Ламсадзэ напісала сапраўдную оду будучаму першаму прэзідэнту Беларусі. Пачынаецца яна хвалебнымі і пафаснымі словамі:

«Калі ён рашуча накіроўваецца да трыбуны сесіі, зала імгненна заціхае: будзе цікава. Прамы і сумленны, Аляксандр Лукашэнка не ўмее хавацца за прыгожай фразай, хітраваць».

Далей аўтар адкрывае чытачам яшчэ адну якасць яе куміра: «Не прызнае ніякіх падзелаў на фракцыі, кааліцыі і плыні — лічыць, што тады Вярхоўны Савет ператворыцца ў хворы арганізм, а хвораму не па сіле воз праблем».

У кропку! Рэалізаваць свае думкі А.Р. Лукашэнка здолеў пасля рэферэндуму 1996 года, калі «хворы» парламент стаў такім, аб якім ён марыў — беспартыйным і бесфракцыйным.

«На трыбуне палохаюцца, калі Лукашэнка ў зале бярэ мікрафон. Такі характар, а не жаданне вылучыцца, быць заўважаным. У свае 36 гадоў ён прыроджаны лідар, арганізатар, палітык. І адначасова вельмі мяккі, сардэчны чалавек», — зараз трошкі інакш: у свае 60 гадоў прэзідэнт бярэ мікрафон на трыбуне, а ў зале палохаюцца.

Наступныя сказы нікога здзівяць, асабліва пасля апошніх рэпартажаў з Драздоў: «Яму нічога не каштуе адмахаць гектар луга касой, выкапаць калодзеж, пабудаваць, паставіць хату. Працуе ён прыгожа, любіць трапнае сялянскае слоўца».

Некалькі словаў у артыкуле прысвечана дзяцінству дэпутата Лукашэнкі: «Рос Саша без бацькі, маці-даярка працавала на ферме. І асновы сялянскай навукі, як выжыць, не маючы дастатку, ён засвоіў з дзяцінства».

Падкрэсліваецца таксама гаспадарчы прафесіяналізм Аляксандра Рыгоравіча: «Прыняў саўгас, які заграз у даўгах, а праз два гады атрымалі прыбытак у два мільёны рублёў». Прыгожыя словы прысвяціў сённяшні беларускі кіраўнік сялянам свайго саўгаса: «Трымацца за вас буду і клянуся: ніколі не ўстаўлю палкі ў кола таму, хто працуе». Далей ён вызначае іх як «патрыётаў і пакутнікаў адначасова».

На пытанне, якія высновы ён зрабіў, не здолеўшы стаць народным дэпутатам СССР, Лукашэнка адказаў: «Вельмі многа змяніў у сабе. Пазбавіўся ад эмоцый, гарачнасці, навучыўся паважаць супернікаў і цярпліва да іх ставіцца». Напэўна, сённяшнія «адмарозкі» і «пятакалоннікі» не змаглі б пахваліцца такімі адносінамі да сябе з боку прэзідэнта.

У канцы артыкула Лукашэнка адказвае на пытанне, як ён ставіцца да таго, што яго не абралі старшынёй Камісіі па аграрных пытаннях і харчы: «Працаваць усё роўна буду. Цярпенне ёсць. Пачакаю. Прыйдзе і мой час».

Чакаць заставалася чатыры гады. І час прыйшоў. І дагэтуль працягваецца…

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?