Тром удзельнікам маніфэстацыі прадпрымальнікаў, што адбылася 10 студзеня, выстаўленае крымінальнае абвінавачваньне. У блізкай справе ў аўторак быў арыштаваны таксама Сяргей Парсюкевіч, прадпрымальнік зь Віцебску.

Сёньня раніцай моладзевым актывістам АГП Міхаілу Пашкевічу і Міхаілу Крываву, а таксама маладафронтаўцу Ўладзімеру Сяргееву былі прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачваньні ў крымінальнай справе за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня. Гэтыя маладзёны сёньня наведалі Сьледчае ўпраўленьне папярэдніх расьсьледаваньняў ГУУС Менгарвыканкаму (Сапёраў, 7).

Сьледчы палкоўнік Павал Міхалькевіч паведаміў хлопцам, што са статусу падазроных яны пераводзяцца ў абвінавачаныя. Яны праходзіць па артыкуле 342 частка 1 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Паводле гэтага артыкулу прадугледжваецца пакараньне ад штрафу да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Як паведаміў «Нашай Ніве» Ўладзімер Сяргееў, сёньня ў яго спрабавалі ўзяць паказаньні, але хлопец адмовіўся. З усіх траіх узятая падпіска аб нявыезьдзе. Таксама са словаў Сяргеева стала вядома, што ў дадзенай крымінальнай справы ўжо не 12, а 14 фігурантаў. У сьпіс падазроных дадалі А.Д убскага і А. Койпіша. Андрэй Кім, які знаходзіцца ў СІЗА за нібыта зьбіцьцё міліцыянтаў, таксама фігуруе ў гэтай крымінальнай справе.

Да 11 сакавіка сканчваецца папярэдняе сьледзтва па справе. Пасьля чаго «крыміналку» могуць падоўжыць, ці ўжо перадаць у суд.

Крыху пазьней стала вядома, што арыштаваны віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч. 4 сакавіка аб 11 гадзіне Парсюкевіч зьявіўся ў Маскоўскі РУУС на допыт па сваёй крымінальнай справе. Праз дзьве з паловай гадзінаў допыту сьледчы Дзьмітры Разанка пастанавіў арыштаваць прадпрымальніка на трое сутак.

Паводле словаў Вячаслава Сіўчыка, які прыходзіў да РУУСу падтрымаць Парсюкевіча, ужо ад самага пачатку было відаць, што рыхтуецца арышт: «У кабінэт да сьледчага пачалі заходзіць нейкія студэнты — як потым высьветлілася, гэта былі панятыя. На допыце ўвесь час прысутнічала адвакатка Сяргея Вера Страмкоўская».

31 студзеня ў дачыненьні да Сяргея Парсюкевіча была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 364 КК («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі») прадпрымальніку пагражае да шасьці гадоў зьняволеньня. Абвінавачваньне зводзіцца да таго, што падчас адбыцьця 15‑сутачнага арышту на Акрэсьціна, Парсюкевіч зьбіў намесьніка дзяжурнага Аляксандра Длупа.

Паводле словаў праваабаронцаў, шанцаў, што Сяргея выпусьцяць па сканчэньні гэтых трох сутак вельмі мала. Падчас арышту прадпрымальнік будзе знаходзіцца ў СІЗА, якое разьмяшчаецца ў новым корпусе ізалятара на Акрэсьціна.

Варта адзначыць, што раніцай Сяргей Парсюкевіч наведаў францускае пасольства, дзе сустрэўся з дарадцам амбасадара Філіпам Сэньёрэнам. Прадпрымальнік паведаміў падрабязнасьці сваёй крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?