65-гадовага ўплывовага боса мафіі Віторыа Касамоніка праводзілі ў апошні шлях з незвычайнай пыхай пад мелодыю фільма «Хросны бацька».

Труну з целам нябожчыка мафіёзі даставілі ў царкву Сан Джавані Боска ў прыгарадзе Рыма ў карэце, запрэжанай шасцёркай коней з чорным плюмажам.

Карэту суправаджалі чорныя лімузіны з вянкамі. З верталёта на зямлю ляцелі пялёсткі чырвоных руж. Сотні людзей у слязах прыйшлі развітацца з Касамоніка, які, імаверна, памёр ад раку.

Катафалк з целам Касамоніка даставілі ў царкву, дзе на наведвальнікаў таксама скінулі пялёсткі чырвоных руж.

«Ты здолеў заваяваць Рым, чарга за раем», — абвяшчаў надпіс на адным з плакатаў, якія віселі на браме перад царквой.

«Кароль Рыма» — было напісана на другім плакаце.

Італьянскія палітыкі асудзілі паказное дзейства.

Дэпутаты з левай партыі заклікалі ўлады Італіі высветліць, хто дапусціў правядзенне настолькі пышнага пахавання. «Падобнае зусім недапушчальна ў дэмакратычнай дзяржаве», — гаворыцца ў заяве дэпутатаў.

Палітыкі назвалі пахаванне ў духу галівудскіх фільмаў адкрытай заявай аб беспакаранасці злачынцаў і заклікалі прыняць меры, каб забараніць падобныя мерапрыемствы, якія праслаўляюць крымінальнікаў.

Італьянскія ўлады абвінавачваюць мафіёзны клан Касамоніка ў рэкеце, вымагальніцтве, гандлі наркотыкамі і адмыванні грошай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?