22 жніўня (субота) а 12.00 УП «Чэрвенскі рынак у Лошыцы» і РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» запрашае на Спасаўскі кірмаш.

Спас – старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. У народным календары адзначаюцца тры Спасы – Першы, альбо Мядовы (14 жніўня), Другі, ці Вялікі, Яблычны (19 жніўня) і Трэці, Арэхавы альбо Хлебны (29 жніўня). Найбольш шанаваўся ў народзе Вялікі Спас – у гэты дзень у храмах асвячаліся яблыкі і іншыя плады, якія пасля прыносілі на магілы продкаў. Згодна з народнымі павер’ямі, да Спаса забаранялася есці яблыкі, ігрушы, гарох, асабліва жанчынам, у якіх памерлі дзеці – казалі, што Бог будзе на небе дзеткам яблычкі раздаваць, а таму, чыя матка з’ела яблык да часу, пачастунку не дасць. Свяцілі на Спаса і каласы новага ўраджаю, і свежы мёд. Святкавалі Спас у гарачую працоўную пару, таму ў валачобных песнях Спаса ўзгадваюць як пільнага гаспадара: «Спас не гуляець, каня сядлаець, поле аб’язджаець, у гумны вязець».

Працягваючы традыцыю спасаўскіх кірмашоў, найстарэйшы ў Менску Червеньскі рынак запрашае гасцей на свята, дзе можна будзе пачуць жніўныя песні ад спеўных гуртоў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, паскакаць пад дуду і паласавацца яблыкамі новага ўраджаю.

Месца правядзення: вул. Маякоўскага, 184 (м-н Лошыца).

Свята працягнецца з 12.00 да 14.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0