Следчы камітэт (СК) пракаментаваў крымінальную справу «графіцістаў» — маладзёнаў, якіх вінавацяць у пашкоджанні міліцэйскага білборда і маляванні графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці».
Ведамства звяртае ўвагу на тое, што «некаторыя інтэрнэт-рэсурсы» надаюць хуліганам статус «актывістаў, якія выказваюць свае палітычныя думкі».
Следчыя прыводзяць наступныя аргументы на сваю карысць.
Паводле заявы СК, графіцісты распаўсюджвалі ў інтэрнэце «экстрэмісцкія матэрыялы з частцы прапаганды агрэсіўных, гвалтоўных дзеянняў, накіраваных супраць органаў правапарадку; заклікаў, якія падахвочваюць грамадзян да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, масавых беспарадкаў; абразлівых і пагардлівых найменняў людзей па этнічнай прыкмеце». Гэта следчыя нібыта знайшлі ў забраных камп'ютарах.
Апроч таго, адзначаецца, што распаўсюджаныя ў інтэрнэце матэрыялы «ўтрымліваюць нацысцкую сімволіку і атрыбутыку, выказванні, якія абражаюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны».
За гэта графіцістам пагражае яшчэ адна крымінальная справа, за «распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні». Канчатковая выснова будзе зроблена пасля заключэння псіхолага-лінгвістычнай экспертызы.
«Звяртае на сябе ўвагу той факт, што трое з чацвярых удзельнікаў групы ў нядаўнім часе змянілі свае прозвішчы. Двое удзельнікаў гурта прыехалі ў сталіцу з Гродзенскай вобласці, жылі ў здымнай кватэры», — сцвярджае СК.
* * *
Падазраваны ў справе графіці: «Спрабуюць ціснуць праз маю цяжарную сяброўку»
* * *