Былы палітвязень Юры Рубцоў даведаўся аб сваім вызваленні, знаходзячыся ў штрафным ізалятары (ШІЗА) бабруйскай папраўчай калоніі. Пра гэта ён распавёў журналістам у ноч з 22 на 23 жніўня, па прыбыцці дадому ў Гомель.

Па словах Рубцова, з 14-ці дзён знаходжання ў бабруйскай калоніі 13 ён правёў у ШІЗА. Ён павінен быў выйсці адтуль 23 жніўня ў 16.20, 22-га пасля вячэры яго выклікалі да начальства і загадалі сабраць рэчы, нічога не патлумачыўшы. Затым Рубцова вывелі за кантрольна-прапускны пункт, вынеслі яго чамадан і прапанавалі пераапрануцца ў сваю вопратку. Толькі пасля гэтага актывісту паведамілі, што ён памілаваны рашэннем прэзідэнта.

Рубцоў вельмі здзіўлены і незадаволены тым, што яго памілавалі, бо, па словах актывіста, яго павінны былі апраўдаць. «Лукашэнка зрабіў чарговы фінт, вызваліў людзей, якіх узяў у закладнікі», — сказаў былы палітвязень.

Па словах Рубцова, у папраўчых установах з людзьмі абыходзяцца груба, як з жывёламі, «размаўляюць толькі крыкам», прымаць ежу людзі вымушаныя там жа, дзе ходзяць у туалет. Актывіст таксама заявіў, што з боку адміністрацыі калоніі да яго ўжываліся розныя рэпрэсіі, але гэта яго не зламала.

Рубцоў распавёў, што да пераводу ў бабруйскую калонію, калі ён яшчэ знаходзіўся ў следчым ізалятары ў Баранавічах, ён зрабіў сабе вышыўку на кашулі спецыяльна для работнікаў СІЗА. На спіне было вышыта: «Асудзіўшы мяне, вас пазбавілі права абурацца жабрацкай зарплатай», на грудзях — «Называйце рэчы сваімі імёнамі».

Рубцоў перакананы, што ніводная палітычная сіла не павінна ўдзельнічаць у цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах, таму што «гэта фарс». Гаворачы аб сваіх бліжэйшых планах, гомельскі актывіст заявіў, што будзе «змагацца далей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?