4 сакавіка споўнілася 50 гадоў старшыні Партыі БНФ, вядомаму грамадскаму дзеячу, выкладчыку і перакладчыку Лявону Баршчэўскаму.

Рацыя павіншавала яго з юбілеем і задала некалькі пытанняў.

‑ Спадар Лявон, па‑першае, віншуем вас з юбілеем. Як будзеце адзначаць?

‑ Мы сустракаемся вечарам з сябрамі. У асноўным гэта будуць выкладчыкі ліцэя. Я зараз, па сутнасці, яшчэ знаходжуся на занятках ў ліцэі. Ну а таксама, безумоўна, прыйдуць мае блізкія сябры з палітычных і творчых колаў, з якімі я даўно знаёмы і якія аказалі ўплыў на мае жыццё. І заадно я пазнаёмлю іх са сваёй апошняй працай — 28‑моўным беларуска‑еўрапейскім слоўнікам, які толькі што выйшаў ва Уроцлаве. Гэта — галоўная падзея‑падарунак, якую я падрыхтаваў сабе на свае 50‑годдзе.

‑ А хто з палітыкаў ужо павіншавай вас са святам?

‑ З палітыкаў я нават і не прыпомню, акрамя сваіх паплечнікаў, а з грамадскіх дзеячоў, безумоўна, шмат хто павіншаваў — і мастакі, і пісьменнікі, і ўвогуле дзеячы грамадскага руху.

‑ Што нават калегі па Аб’яднаных дэмакратычных сілах не павіншавалі?

‑ Не, пакуль што не. Але спадзяюся, што павіншуюць яшчэ.

‑ Не так даўно вам прыйшлося ўзначаліць Партыю БНФ. Але, калі казаць шчыра, што вам бліжэй — палітыка, навуковая ці грамадская дзейнасць?

‑ Я ніколі не хаваў таго, што мае вяртанне ў кіраўніцтва Партыі БНФ абмежаванае ў часе. Зараз я рыхтую замену сабе і ствараю новае кіраўніцтва. Тое, якое будзе надалей эфектыўна працаваць.

‑ А ці можаце зараз сказаць па персаналіях, хто можа заняць вашую пасаду?

‑ Я разглядаю сем кандыдатур. І канчатковага выбару яшчэ не зрабіў. Дарэчы, абіраць новага кіраўніка партыі ўсё роўна будзе з’езд. Так што — пабачым.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0