Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падтрымаў ідэю Руху за свабоду, каб удзельніца прэзідэнцкіх выбараў Таццяна Караткевіч дала грамадскасці магчымасць праверыць сабраныя ёю подпісы.

«Ідэю Руху «За свабоду» лічу слушнай і цалкам падтрымліваю, — напісаў ён у лісце, які атрымала «Наша Ніва». — Справа з подпісамі мае два аспэкты. Першы і самы істотны фактар — подпісы у падтрымку Тацяны Караткевіч, якая адзіная з дэмакратаў ідзе на рэгістрацыю. Вельмі важна, каб мы маглі апэраваць катэгорыямі фактаў, а не катэгорымі «веру — ня веру». І фактам можа быць якраз незалежная праверка подпісаў.

Натуральна, ёсьць упартыя байкотчыкі, ёсьць зайздросьнікі, ёсьць правакатары ды розныя вар’яты. За іх меркаваньне змагацца няма ніякага сэнсу, для іх любы удзельнік выбараў, які рэальна працуе зь людзьмі, заўсёды будзе здраднікам. Але сытуацыя ў тым, што ёсьць нямала адэкватных людзей, лідараў думак, якія выказваюць сумневы. Пачынаючы ад Уладзімера Някляева, былога кіраўніка «Гавары праўду».

І найлепшы, выдатны, просты спосаб адказаць на сумневы – аддаць подпісы на праверку грамадзкасьці.

Што тычыцца БНФ — мы асноўны упор рабілі на збор подпісаў за Тацяну Караткевіч у пікетах пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, у 11 гарадох, у Менску у некалькіх пунктах. Па зьвестках управы, сябры БНФ сабралі за Тацяну Караткевіч 10 300 подпісаў, ёсьць копіі, большасьць зь іх ужо ў Менску і мы гатовыя літаральна сёньня перадаць іх руху «За свабоду» ды ўсім зацікаўленым на праверку.

Але тут важны і другі аспэкт — гэта агучаныя Анатолем Лябедзькам ды Сяргеем Калякіным лічбы сабраных подпісаў. Я лічу, што шчырай ды сумленнай іх пазыцыю можна будзе называць толькі пасьля таго, як грамадзтва гэтыя подпісы праверыць. Іначай яны ня маюць маральнага права апэраваць тымі дзясяткамі тысячаў подпісамі, якія называюць у сваю падтрымку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0