Прадстаўнікі КНДР і Паўднёвай Карэі змаглі прыйсці да пагаднення аб урэгуляванні пагранічнага крызісу.

Паводле дадзеных агенцтва Рэнхап, Паўднёвая Карэя пагадзілася спыніць вяшчанне з гучнагаварыцеляў ўздоўж дэмілітарызаванай зоны, а КНДР прынесла прабачэнні за абстрэлы. Афіцыйна інфармацыя будзе пацверджаная пазней падчас сумеснай заявы.

Перамовы ў памежным Пханмунджоме працягваліся амаль двое сутак, аднак да цяперашняга моманту ніякіх падрабязнасцяў пра іх прагрэс не паведамлялася.

Раней у панядзелак прэзідэнт Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе заявіла, што прапагандысцкае вяшчанне супраць паўночнакарэйскіх уладаў працягнецца, калі Пхеньян не прынясе прабачэнні за міны, устаноўленыя ў дэмілітарызаванай зоне.

Сітуацыя на мяжы абвастрылася пасля спробы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў знішчыць ракетай гучнагаварыцелі, праз якія Паўднёвая Карэя транслюе крытычныя выказванні ў адрас рэжыму Пхеньяна. Улады Паўднёвай Карэі адмовіліся выканаць патрабаванні КНДР і прыбраць гучнагаварыцелі. У адказ паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын загадаў прывесці войскі ў поўную баявую гатоўнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?