Чатыры вайскоўцы забітыя, два параненыя. Параненыя ёсьць і сярод мірных жыхароў. Бакі вінавацяць адзін аднаго.

Міністэрства абароны Арменіі заяўляе, што войскі суседняй дзяржавы парушылі рэжым спыненьня агню.

«Сёньня, а 5‑й раніцы, на мяжы непрызнанай Нагорна‑Карабахскай Рэспублікі і Азэрбайджану ўзброеныя сілы Азэрбайджану адкрылі агонь па пазыцыях НКР, у выніку чаго быў паранены афіцэр Арміі абароны НКР,» ‑‑ паведаміў прэс‑сакратар міністра абароны Арменіі, палкоўнік Сэйран Шахсуваран.

Міністар замежных спраў Армэніі Вардан Асканян заявіў, што Азэрбайджан зрабіў спробу захапіць частку армянскае тэрыторыі ў раёне Мардакерту.

«Гэтыя дзеяньні адрозьніваюцца ад звычайных выпадкаў парушэньня рэжыму спыненьня агню. Дзеяньні Азэрбайджану таксама якасна адрозьніваюцца ў пляне выкарыстаньня ваеннае тэхнікі і зброі»,‑ заявіў міністар.

У сваю чаргу, кіраўнік прэс‑службы МЗС Азэрбайджану Хазар Ібрагім абвінаваціў Арменію ў правакацыі:

«Армянскі бок спрабуе адвесьці ўвагу, як свайго народу, так і міжнароднай супольнасьці, ад вельмі напружанай унутранай сытуацыі. Таму армяне шукаюць знешні фактар і займаюцца правакацыямі, абстрэльваючы азэрбайджанскія пазыцыі».

Між тым, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў не выключае выкарыстаньне недыпляматычных шляхоў для вырашэньня карабахскага канфлікту.

«Мы выступаем за мірнае рашэньне праблемы ў рамках тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджану з выкананьнем нормаў і прынцыпаў міжнароднага права. Але мы таксама павінны быць гатовыя к рашэньню праблемы ваенным шляхам, і мы гатовыя. Ваенны бюджэт Азэрбайджану ў гэтым годзе — 1,3 млрд. даляраў, і ён будзе павялічвацца. На гэтыя сродкі Азэрбайджан будзе закупаць ваенную тэхніку ды ўзбраеньне. Мэтай ўсяго гэтага ёсьць вызваленьне акупаваных земляў», — заявіў сёньня Аліеў падчас уручэньня кватэраў ветэранам карабахскае вайны.

Яраслаў Сьцешык, паводле азэбайджанскае і армянскае прэсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0