Беларус-баец «Кедр» абараняе незалежнасць Украіны ў самым пекле — у Пясках.

Беларус-баец «Кедр» абараняе незалежнасць Украіны ў самым пекле — у Пясках.

«Кедр» — так байца называюць пабрацімы, цяпер належыць да новастворанай тактычнай групы «Беларусь» пры «Правым сектары». Больш як год таму ён выправіўся ва Украіну. Кажа, што спачатку былі трэніроўкі, а пасля беларускія байцы групамі пачалі адпраўляцца на фронт.

Два тыдні таму «Кедр» страціў у баі пад Валнавахай таварышаў. Са словаў хлопца, у тым баі танкі наўпрост расстралялі жаўнераў у чыстым полі, бо свая «арта» не падтрымала… З таго часу «Кедр» засынае заўжды з цяжкасцю. Але хадзіць да лекараў наконт нерваў — няма калі.

Сімволіка беларускіх добраахвотнікаў у «Правым сектары».

Сімволіка беларускіх добраахвотнікаў у «Правым сектары».

«Арта», «дабрабаты», «перадок» — словы, якія ўеліся ў слэнг 20-гадовых хлопцаў, з татуяванымі пагонямі ды старадаўнімі арнаментамі на рукамі, нібы чырвоныя плямы ў «бэушны» ангельскі камуфляж. Няважна, ці маеш ты за спінай два гады службы ў войску, на якой мове ты гаворыш, адкуль паходзіш, галоўнае — асабістыя якасці, на аснове якіх цябе альбо прымаюць у калектыў альбо не.

«Кедр» цяпер далёка ад лініі фронту. Чакае на чарговы выклік. Трэніруецца, адпачывае, карыстаецца інтэрнэтам, чытае, спрабуе адаспацца, калі ўдаецца.

«Джэнтльменскі набор» байца-добраахвотніка.

«Джэнтльменскі набор» байца-добраахвотніка.

«Я вырашыў паехаць ва Украіну, калі адчуў, што акрамя мяне ніхто гэтага не зробіць. Я разумею: калі мы здолеем абараніць Беларусь ва Украіне, магчыма не спатрэбіцца бараніць Беларусь у Беларусі», — кажа «Кедр».

«За гэты час я зразумеў, што ўкраінцы сфармаваліся як нацыя, — кажа «Кедр». — Ёсць дастаткова пасіянарыяў, гатовых бараніць сваю краіну, класці пры патрэбе за гэта галовы».

«Украінцы гатовыя з адным аўтаматам ваяваць супраць танкаў… Раней я толькі ў кніжках такое сустракаў, як пра Марэсьева», — кажа «Кедр».

«Самае цяжкае з пабачанага — узгадваць абліччы хлопцаў, якіх ужо няма побач, — прызнаецца «Кедр». — Фізічныя нагрузкі і боль вынесці можна, а як быць з гэтым?..»

«Час на перадавой — гэта не бесперапынная перастрэлка і не адпачынак, а цяжкая фізічная праца — у тым ліку ўмацаванне пазіцый», — дзеліцца «Кедр».

Паводле беларускага заканадаўства, наёмніцтва за мяжой і ўдзел у чужых ваенных канфліктах — крымінальнае злачынства. Беларусы-добраахвотнікі быццам бы не наёмнікі, бо ваююць не за грошы. Тым не менш, іх юрыдычны статус спрэчны, і ў Беларусі да іх могуць узнікнуць прэтэнзіі.

Іх рашэнне дапамагчы Украіне можа крута змяніць іх лёс.

«Кедр» не хацеў бы звязваць сваё жыццё з войскам. «Чым планую займацца? А можна, не буду казаць? Асабістае».

Затое хлопец расказаў пра сваіх дзяцей. «Сваіх дзяцей я хацеў бы выхаваць нацыяналістамі, каб у нашай краіне падобных трагедый ніколі не адбылося», — кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?