Як можна пісаць гісторыю камуністычнага руху ў Расіі і ў свеце без Троцкага? Аніяк.

Чытаючы творы Льва Троцкага, нельга не бачыць яго літаратурны талент. Не цяжкі ленінскі сказ, не сталінская катэхізмоўка (пытанне — адказ, пытанне — адказ), а — іншы раз (не мною адкрыта) — ледзь не хемінгуэеўскі стыль. Нездарма яго, новага супрацоўніка яшчэ не ленінскай, а сацыял-дэмакратычнай «Искры», Вера Засуліч празвала Пяром. Пра тое, што Троцкі з’явіўся ў шэрагах расійскай сацыял-дэмакратыі «адразу з бляскам», пісаў і былы яго аднадумец Анатоль Луначарскі.

Як помніцца, аўтар кнігі «Малады Сталін» Сайман Сэбарг Монтэфіёрэ спрабаваў аспрэчыць тэзіс Троцкага пра тое, што Сталін — геніяльная пасрэднасць. І сам жа напісаў, што Троцкі — бліскучы, ганарлівы і нават сноб. Сноб не ў тым сэнсе, што ён, Лейб, сын фермера Давыда Бранштэйна, хацеў трапіць у кампанію да арыстакратаў (гэтай кампаніяй ён пагарджаў), а ў тым сэнсе, што ён сам быў арыстакрат. Скажам так: арыстакрат духу, які мае высокі інтэлект, аўтарытэт і ведае сабе цану.

У сэнсе інтэлекту яго можна паставіць побач з Леніным. Яны абодва ведалі сабе цану. Для іх абодвух не існавала аўтарытэтаў. Нават перад патрыярхам расійскай сацыял-дэмакратыі Георгіем Пляханавым не схілілі галаву і прылюдна палемізавалі з ім. І абодва (як, дарэчы, і Пляханаў) пры нагодзе маглі высмеяць чалавека, які інтэлектуальна стаяў ніжэй за іх. Праўда, на гэтым падабенства Троцкага і Леніна заканчваецца.

Троцкі са сваёй аховай, 1919

Троцкі са сваёй аховай, 1919

Троцкі быў надзелены шчодра і літаратурным талентам, і талентам тэарэтыка, аналітыка, арганізатара, прамоўцы. А яшчэ ён быў мужны чалавек. Ленін дбаў пра сваё здароўе і бяспеку. З турмы і ссылкі ён не ўцякаў, а дабыў да канца тэрміну. З Расіі ў Еўропу ён нелегальна не прабіраўся, а ехаў, маючы законны пашпарт, з камфортам у цягніку. У рэвалюцыйным 1905-м ён не кінуўся на злом галавы ў Расію. І не грымеў на ўвесь Піцер і ўсю Расію як лідар Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў Леў Троцкі. Вярнуўшыся ў 1917 г. з дапамогай немцаў у Расію, ён пасля ліпеньскага путчу хаваўся ад паліцыі, а Троцкі, пабываўшы ў «Крестах» (ён нават сам папрасіў, каб яго арыштавалі), 2 верасня выйшаў з турмы, каб узначаліць Петраградскі Савет і здзейсніць у дзень свайго нараджэння, 7 лістапада, пераварот. І ён жа прыдумаў назву новага ўрада Расіі — Савет Народных Камісараў. І ён жа адмовіўся ад пасады старшыні гэтага ўрада («маё габрэйства»).

Калі на тое пайшло, ён уручыў Леніну ўладу, паднёс яе на талерачцы.

Троцкі, як кажуць цяпер, быў выдатны крызісны менеджар. Як арганізатар, ён быў незаменны ў час, калі вырашалася пытанне «быць альбо не быць?». Хто ведае, ці былі б створаны Чырвоная Армія і Чырвоны Флот, ці ўдалося б бальшавікам адстаяць уладу, калі б на чале разваленых тымі ж бальшавікамі расійскіх арміі і флоту не апынуўся Троцкі?

Ленін быў добры ў крэсле старшыні Саўнаркама, піша Луначарскі, але ён не мог бы справіцца з той тытанічнай задачай, якую ўзваліў на свае плечы Троцкі. З фронту на фронт, з аднаго ўчастка фронту на другі…

У мірны час, у час, калі ўлада была ўжо цвёрда ў руках бальшавікоў, Троцкі не мог доўга ўтрымацца ва ўладзе. Хоць ён, рэвалюцыянер ад галавы да ног, і далучыўся ў 1917-м да бальшавікоў, стаў адным з іх лідараў, мараль у яго была небальшавіцкая. Цынізм Леніна быў адной з прычын разрыву з ім Пляханава. Як успамінаў расійскі сацыял-дэмакрат Уладзімір Вайцінскі, Ленін неаднаразова казаў, што партыя — не пансіён для шляхетных дзяўчат. І пры гэтым дадаваў: іншы мярзотнік можа быць для нас менавіта тым і карысны, што ён мярзотнік; у нас гаспадарка вялікая, а ў вялікай гаспадарцы ўсякая дрэнь прыдасца. Зноў жа, Вячаслаў Молатаў сцвярджаў, што Ленін умеў выкарыстоўваць усіх: і бальшавіка, і паўбальшавіка, і чвэрцьбальшавіка, але толькі пісьменнага.

Ленін быў большы апартуніст, а Троцкі — больш артадаксальны, чым Ленін.

Тут я зноў спасылаюся на Луначарскага і дадаю: Троцкі быў занадта ідэйны, каб трываць ля сябе карыснага ці карыслівага мярзотніка і чвэрцьрэвалюцыянера. А яшчэ ён хацеў мець каля сябе не проста пісьменных, а добра падрыхтаваных работнікаў. І не забудзьма: у час грамадзянскай вайны ён быў бязлітасны да бальшавікоў — панікёраў, тых, хто наперадзе ўсіх уцякаў ад праціўніка, шкурнікаў і марадзёраў.

Гэтая просталінейнасць, як піша Луначарскі, няўменне ці нежаданне быць ласкавым і ўважлівым да людзей асуджалі Троцкага «на пэўную адзіноту». І адсутнасць паблажлівасці да чалавечых слабасцяў, і памянёны ўжо снабізм… Сяброў і прыхільнікаў у яго было няшмат. І вось, супраць Троцкага, у асобе якога многія былі схільныя бачыць сапраўднага правадыра рэвалюцыі, супраць Троцкага, які ў 1917-м літаральна «грымеў у Петраградзе на мітынгах», супраць Троцкага, у асобе якога многія бачылі наступніка Леніна, выступіла большасць Цэнтральнага Камітэта бальшавіцкай партыі і практычна ўсё Палітбюро. Троцкага ненавідзелі, яго баяліся. Троцкага яшчэ больш узненавідзелі, калі смяротна хворы Ленін назваў яго самым здольным чалавекам у ЦК. Ён, рэвалюцыянер, асабліва зненавідны быў партыйна-савецкай бюракратыі, на чале якой стаяў Сталін.

Іншы раз задаюць пытанне: а што было б, калі б пасля смерці Леніна перамог Троцкі?

Гісторык такога пытання не задасць. Затое ён не можа не адзначыць іншае: Сталін і сталінцы амаль усю канцэпцыю далейшага развіцця Савецкага Саюза літаральна «перадралі» ў Троцкага і трацкістаў. Нездарма ж Мікалай Бухарын назваў неатрацкізмам сталінскую палітыку паскоранай індустрыялізацыі і ўзмоцненай эксплуатацыі вёскі, ператварэння яе ва «ўнутраную калонію». А сам Троцкі назваў Сталіна і сталінцаў эпігонамі.

Выдаліўшы ў 1929 г. Троцкага з Савецкага Саюза, Сталін і сталінцы неўзабаве зразумелі, якую памылку яны ўчынілі.

Гісторык познесавецкай і ранняй постсавецкай гістарыяграфіі і паліталогіі не можа не адзначыць, што многія працы Троцкага, напісаныя на эміграцыі, расійскія аўтары разабралі на цытаты. Перш за ўсё «Сталінскую школу фальсіфікацыі», «Завяшчанне Леніна» і біяграфію Сталіна. Апрача гэтых тэкстаў, мне, напрыклад, вельмі імпануе сацыялагічны аналіз савецкай сістэмы, здзейснены Троцкім у працы «Здраджаная рэвалюцыя. Што такое СССР і куды ён ідзе?» (1936). Тут трэба сказаць, што Троцкі разглядаў СССР як перароджаную рабочую дзяржаву і што яго за гэта крытыкаваў брытанскі маркіст Тоні Кліф, які ў 1955 г. апублікаваў кнігу «Дзяржаўны капіталізм у Расіі». Дык жа і Троцкі пісаў пра дзяржаўны капіталізм, пра таталітарны лад у СССР, пра тое, што ў партыйна-савецкай бюракратыі свядомасць паноўнага класа і што яна, бюракратыя, з’яўляецца новым класам (гэта яшчэ калі кнігу «Новы клас» напіша Мілаван Джылас!), які імкнецца ліквідаваць заваёвы сацыяльнай рэвалюцыі, каб стаць уласнікам маёмасці, якою распараджаецца. І стануць бальшавіцкія чынушы буржуямі…

Савецкі Саюз ідзе да скону — такая выснова прыходзіць у галаву, калі чытаеш кнігу Троцкага. Але сам Троцкі гэтых слоў не напісаў, бо яму трэба было б прызнацца, што дарма ён учыняў пераварот у 1917-м, дарма ездзіў у бронецягніку з аднаго канца краіны ў другі, дарма бараніў уладу бальшавікоў.

А яшчэ Троцкі сачыў за тым, што дзеецца на міжнароднай арэне, аналізаваў міжнародную сітуацыю і папярэджваў.

Напрыклад: «Гітлер змагаецца супраць франка-расійскага саюза не з прынцыповай варожасці да камунізму (ніводзін сур’ёзны чалавек не верыць больш у рэвалюцыйную ролю Сталіна!), а таму, што хоча мець свабодныя рукі для пагаднення з Масквой супраць Парыжа» (1937). Але да яго не прыслухоўваліся, і ён з жалем канстатаваў тупасць еўрапейскага палітычнага класа: «Аўтар гэтых радкоў мае права спаслацца на бесперапынны шэраг уласных заяў у сусветным друку, пачынаючы з 1933 г., на тую тэму, што асноўнай задачай замежнай палітыкі Сталіна з’яўляецца дасягненне пагаднення з Гітлерам. Але наш сціплы голас заставаўся непераканаўчым для «вяршыцеляў лёсу». Гэта ў адным артыкуле. А вось што чытаем у другім: «Хто ведае, ці не давядзецца французскаму ўраду разам з бельгійскім, галандскім, польскім, чэхаславацкім шукаць прытулку ў Вялікабрытаніі?..». А загалоўкі артыкулаў — цуд: «Сталін — інтэндант Гітлера» і «Падвойная зорка: Гітлер—Сталін». Абодва напісаныя ў 1939-м.

«Крамлёўскі горац» не мог доўга цярпець няўрымслівага крытыка і выкрывальніка. Прысуд Троцкаму быў вынесены. Належала знайсці выканаўцу. І выканаўцу знайшлі.

…Можна прадказаць, якая будзе рэакцыя на гэты тэкст нашых антыкамуністаў, асабліва маладых, якія ні Маркса, ні Троцкага не чыталі, але сказануць могуць. Гэтым антыкамуністам я раю разгарнуць кнігу брытанскага кансерватара, крызіснага менеджара Уінстана Чэрчыля «Мае вялікія сучаснікі». Адно эсэ ў той кнізе прысвечана Льву Троцкаму.

А проста беларусам, мабыць, цікава будзе ведаць, што пісаў Троцкі ў артыкуле «СССР у вайне» 25 верасня 1939 г., калі Чырвоная Армія прыйшла ў Заходнюю Беларусь. А пісаў ён вось што: «Мы не давяраем Крамлю ніякай гістарычнай місіі. Мы былі і застаемся супраць захопу Крамлём новых абласцей. Мы — за незалежнасць Савецкай Украіны і, калі самі беларусы гэтага жадаюць, Савецкай Беларусі».

***

Леў Троцкі

(Лейб Давыдавіч Бранштэйн) 26 кастрычніка [7 лістапада] 1879; вёска Янаўка, Елісаветградскі павет, Херсонская губерня, Расійская Імперыя (цяпер Бераслаўка, Кіраваградская вобласць, Украіна) — 21 жніўня 1940; Каяакан, Мехіка, Мексіка) — рэвалюцыйны дзеяч XX стагоддзя, ідэолаг трацкізму — адной з плыняў марксізму. Адзін з арганізатараў Кастрычніцкага перавароту 1917, адзін са стваральнікаў Чырвонай Арміі. У першым савецкім урадзе — наркам па замежных справах, у 1918—1925 — наркам па ваенных і марскіх справах. Ад 1923 — лідар унутрыпартыйнай левай апазіцыі. У 1927 зняты з усіх пасад, у 1929 высланы за межы СССР. Аўтар прац па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расіі. Быў двойчы жанаты, без скасавання першага шлюбу. Смяротна паранены агентам НКВД Рамонам Меркадэрам 20 жніўня 1940 у Мексіцы.

Псеўданім «Троцкі»

Прозвішча Троцкі меў наглядчык адэскай турмы, у якой малады Лейб Бранштэйн апынуўся ў 1898 за палітычную дзейнасць. Магчыма, «у гонар» жорсткага турэмшчыка і быў узяты псеўданім, пад якім Троцкага ведаў цэлы свет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?