Увечары 25 жніўня на чыгуначнай станцыі ў Маладэчне беларускія памежнікі і мытнікі з прымяненьнем сілы зьнялі зь цягніка Вільня — Менск гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку.

У Гомель ён змог дабрацца толькі сёньня а шостай раніцы.

«Я вяртаўся зь літоўскай сталіцы ў Гомель. На памежным пункце пропуску Гудагай мяне праверылі мытнікі — нічога забароненага я ня вёз, і мытнікі пайшлі далей. Праблемы пачаліся, калі мой пашпарт праз сканэр стаў правяраць памежнік. Выглядае, што маё прозьвішча ў нейкім «чорным сьпісе». Памежнік адразу выклікаў старшага зьмены. Вярнуліся й мытнікі, праўда, ня тыя, што мяне правяралі. Папярэдзілі, што ў Маладэчне мне трэба сысьці зь цягніка. У мяне былі квіткі зь Менску на гомельскі цягнік, я пазьніўся, таму папрасіў патлумачыць прычыну затрыманьня. Адказалі, што будуць праводзіць паглыблены мытны агляд. Я дастаў з заплечніка раздрукаваны артыкул 117 Мытнага кодэксу і яшчэ раз запытаўся, якія дастатковыя падставы ёсьць, каб гэта рабіць. Паколькі нічога ўцямнага ні мытнікі, ні памежнікі мне не патлумачылі, то я адмовіўся пакідаць вагон», — распавёў Свабодзе Леанід Судаленка.

У Маладэчне праваабаронцу сустракалі больш за дзясятак памежнікаў і мытнікаў, яго сілай вынесьлі з вагона за рукі й за ногі. «Вынас» памежнікі здымалі на відэа. У Судаленкі падняўся крывяны ціск — службоўцы мусілі выклікаць яму хуткую дапамогу.

«Мне ўчынілі асабісты агляд з разьдзяваньнем, зь перапісваньнем рэчаў. Шукалі нейкія плястыкавыя банкаўскія карткі. А ў мяне ў гаманцы — 144 эўра і 243 тысячы беларускіх рублёў. Праводзіў агляд інспэктар Аляксандар Лябецкі, а дазвол, як мне паведамілі, даў начальнік Менскай рэгіянальнай мытні Аляксандар Багдзевіч», — расказаў Леанід Судаленка.

Празь дзьве гадзіны праваабаронцу адпусьцілі. У Менск на гомельскі цягнік ён спазніўся. Мусіў браць новыя квіткі і на цягнік да Менску, і зь Менску да Гомеля. Ні мытнікі, ні памежнікі аніяк не дапамагаюць зьнятым зь цягнікоў грамадзянам дабрацца да месца прызначэньня.

Гэта ня першы асабісты агляд на мяжы праваабаронцы Судаленкі. Ён цяпер судзіцца з Ашмянскай мытняй за кампутар. які забралі ў яго яшчэ ў траўні і дагэтуль не вярнулі.

«Судовая справа з мытнікамі за кампутар, магчыма, таксама дадала ўвагі да маёй сьціплай пэрсоны. Учорашнія дзеяньні мытнікаў на мяжы я таксама буду абскарджваць. Але, як мне падаецца, найбольш камусьці не дае спакою мая праваабарончая дзейнасьць, сыстэмная праца з Камітэтам ААН па правах чалавека. Адсюль і агляды на мяжы, і крымінальная справа пра распаўсюд парнаграфіі нібыта ад майго імя, і пагрозы праз інтэрнэт на адрас маёй сям’і», — лічыць Леанід Судаленка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?