Актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, якая прэтэндуе на пасаду прэзідэнта, не супраць падаць сабраныя ў падтрымку яе вылучэння подпісы, але лічыць, што зараз яе камандзе лепш сканцэнтравацца на выбарчай кампаніі. 

«Мы не супраць праверкі, але зараз нам ёсць чым займацца, — заявіла яна. — Важна зразумець, што будзе вынікам праверкі? Што будзе далей? Яны пераканаюцца, што подпісы правільныя, гэта ж нічога не зменіць у іх палітыцы, жыцці». 

Караткевіч упэўненая, што яе ініцыятыўная група сабрала неабходную колькасць подпісаў, што «яны абсалютна сапраўдныя». «Але для мяне цяпер важна сканцэнтравацца на будучыні кампаніі: мы рыхтуемся да рэгістрацыі, агітацыі, назірання. Мне здаецца, сёння важна ўсім палітычным суб'ектам грамадзянскай супольнасці актывізаваць сваю працу з людзьмі, як гэта рабілі мы на этапе збору подпісаў. Прэзідэнцкая кампанія — важны этап жыцця грамадства, мы павінны ўсе разам працаваць з людзьмі», — сказала яна. 

Нагадаем, з прапановай правесці незалежную экспертызу сапраўднасці подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ 14 ліпеня выступіў рух «За Свабоду». 

24 жніўня «За Свабоду» адрасаваў гэтую прапанову персанальна актывістцы кампаніі «Гавары праўду» Таццяне Караткевіч — адзінай, чыя ініцыятыўная група абвясціла пра збор неабходных 100 тысяч подпісаў. Караткевіч застаецца апошнім дэмакратычным прадстаўніком у выбарчай кампаніі і ў выпадку рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты стане «голасам усіх дэмакратычных сіл». Улічваючы, што «ў публічнай прасторы чутныя настойлівыя галасы недаверу адносна рэальнага ліку подпісаў, сабраных ініцыятыўнай групай Караткевіч», рух «За Свабоду» лічыць, што незалежная грамадская праверка сабраных подпісаў стала б «крокам маральнай палітыкі і спосабам паляпшэння іміджу дэмакратычных сіл». 

26 жніўня ідэю стварэння грамадскай камісіі па праверцы подпісаў у падтрымку вылучэння прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта падтрымаў аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?