Назіральная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ будзе ўлічваць усе факты і падзеі, якія ўплываюць на выбарчы працэс у Беларусі, заявіў намеснік кіраўніка місіі Харальд Япсен 26 жніўня на прэс-канферэнцыі з нагоды афіцыйнага адкрыцця місіі ў Мінску.

Паводле яго слоў, місія назіральнікаў будзе ацэньваць выбары на прадмет іх адпаведнасці стандартам АБСЕ, міжнародным нормам і нацыянальнаму заканадаўству. Акрамя таго, будзе ацэньвацца праца мясцовых органаў улады, фінансаванне выбарчай кампаніі, ажыццяўляцца маніторынг СМІ. 

На пытанне, як місія ацэньвае нядаўняе рашэнне Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленні Мікалая Статкевіча і яшчэ пяці палітвязняў, Япсен адказаў, што назіральнікі працуюць на аснове метадалогіі АБСЕ, якая прадугледжвае неўмяшанне ў выбарчы працэс. 

«Гэта азначае, што мы прыехалі сюды без прадузятасці, — растлумачыў ён. — Калі спадар Статкевіч будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў нейкай якасці — даверанай асобы кагосьці з кандыдатаў або ў іншай, то за гэтым мы таксама будзем назіраць».

Япсен адзначыў, што місія адкрытая для зносінаў з усімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу — як з прадстаўнікамі дзяржавы, так і грамадзянскай супольнасці.

Адказваючы на пытанне, ці можа на ацэнку місіі паўплываць з'яўленне новых палітзняволеных у перыяд выбарчай кампаніі, Япсен заявіў: «Хоць наша місія назірае за канкрэтнымі выбарамі, дзейнасць БДІПЧ АБСЕ толькі выбарамі не абмяжоўваецца. Бюро прасочвае і сітуацыю ў краіне ў цэлым». 

Ён нагадаў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ сачылі таксама за ходам судовых працэсаў і падрыхтавалі аб гэтым справаздачу. 

«Але асноўная каманда нашых назіральнікаў будзе акцэнтаваць увагу менавіта на выбарчым працэсе, — падкрэсліў ён. — Калі факты з палітзняволенымі будуць уплываць на выбарчы працэс, то мы будзем іх улічваць (у сваіх справаздачах)».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?