Пракуратурай Магілёўскай вобласці накіравана для разгляду ў Магілёўскі абласны суд крымінальная справа ў дачыненні да 36-гадовага жыхара аграгарадка Межысеткі Магілёўскага раёна, які ўчыніў забойства аднавяскоўкі пры абцяжарваючых абставінах.

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры вобласці Дзмітрый Шарамет, злачынства было ўчынена ў ноч з 1 на 2 сакавіка гэтага года. Абвінавачваны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у гасцях у 28-гадовай жыхаркі Межысетак, у ходзе сваркі, нанёс пацярпелай рукамі, келіхам, тазам, патэльняй, нажамі, нажніцамі, каструляй, вядром, кубкам не менш чым 96 удараў па розных частках цела. Жанчыне былі прычыненыя множныя траўмы галавы, шыі і тулава, множныя пашкоджанні касцей шкілета і ўнутраных органаў, якія ўскладніліся развіццём траўматычнага шоку. Ад гэтых траўм яна памерла на месцы здарэння.

Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваныя па п. 6 ч. 2 арт. 139 КК (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), учыненае з асаблівай жорсткасцю). За гэта крымінальным заканадаўствам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротная кара. 

Папярэдняе расследаванне па гэтай справе праводзілася УСК па Магілёўскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?