Створана грамадская група па праверцы подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Таццяны Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты. 

Склад групы зацверджаны 26 жніўня на пасяджэнні з удзелам першага намесніка старшыні руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Паўла Севярынца і прадстаўніка кампаніі «Наш дом» Валерыя Шчукіна.

Як паведаміў БелаПАН Губарэвіч, у склад грамадскай групы па праверцы подпісаў уключана 15 членаў гэтых арганізацый, а каардынатарам групы абраны прадстаўнік руху «За Свабоду» Юрый Меляшкевіч. 

«Усе гэтыя структуры маюць дастаткова сур'ёзны вопыт збору подпісаў. Пры гэтым «За Свабоду», БХД і «Наш дом» на выбарах гэтага года не вылучалі і не падтрымлівалі нікога з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, займаюць нейтральнае становішча да ўсіх з іх», — адзначыў Губарэвіч.

На пасяджэнні таксама зацверджана методыка праверкі подпісаў, дакладнае выкананне якой, паводле яго слоў, «можа даць адказ на пытанне, сапраўдныя подпісы ці не».

«Каб не засталося ніякіх сумненняў, што могуць праскочыць фальсіфікаваныя подпісы, група найперш павінна мець доступ да поўнай базы копій подпісаў, каб пералічыць іх і візуальна пераканацца, што адсутнічаюць прыкметы іх падроблівання. Таксама група праверкі павінна мець магчымасць адсартаваць базу па населеных пунктах, праверыць іх на наяўнасць паўтораў подпісаў ад адной і той жа асобы. Акрамя таго, група павінна ажыццявіць выбарачную празвонку асоб, якія ўпісаныя ў падпісныя лісты», — сказаў Губарэвіч.

У далейшых планах групы па праверцы подпісаў, паведаміў палітык, — «наладжванне рабочых адносін са штабам Караткевіч, удакладненне тэхнічных дэталей праверкі, пасля чаго група магла б пачаць праверку».

Губарэвіч таксама паведаміў, што напярэдадні, 25 жніўня, кіраўнік штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў быў папярэджаны аб пасяджэнні групы. «Мы запрасілі яго асабіста або папрасілі прыслаць свайго прадстаўніка. Аднак ні ён сам, ні яго прадстаўнік на пасяджэнні не былі. Хоць у цэлым я лічу, што такая праца павінна праводзіцца ў цеснай каардынацыі з кіраўніком штаба або яго прадстаўніком», — дадаў палітык.

З прапановай правесці незалежную экспертызу дакладнасці подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ 14 ліпеня выступіў рух «За Свабоду». 

24 жніўня «За Свабоду» адрасаваў гэту прапанову персанальна Караткевіч, якая на сёння застаецца «апошнім дэмакратычным прадстаўніком» у выбарчай кампаніі і ў выпадку рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты стане «голасам усіх дэмакратычных сіл». Улічваючы, што «ў публічнай прасторы чутны настойлівыя галасы недаверу адносна рэальнай колькасці подпісаў, сабраных ініцыятыўнай групай Караткевіч», рух «За Свабоду» лічыць, што іх незалежная грамадская праверка стала б «годным крокам маральнай палітыкі і спосабам паляпшэння іміджу дэмакратычных сіл».

Сёння ў каментарыі БелаПАН Караткевіч заявіла, што не супраць даць сабраныя ў падтрымку яе вылучэння подпісы, але лічыць, што цяпер яе камандзе лепш сканцэнтравацца на выбарчай кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?