Транзыт газу праз тэрыторыю Беларусі скараціўся нязначна, паведаміў гендырэктар «Белтрансгазу» Ўладзімер Маёраў, камэнтуючы сытуацыю з абмежаваньнем Расеяй паставак газу ва Ўкраіну. Пры гэтым ён не агучыў канкрэтных лічбаў, аднак дадаў, што гаворка вядзецца пра пэўную страчаную выгаду. Паводле словаў гендырэктара, тлумачэньняў з расейскага боку «Белтрансгаз» пакуль не атрымаў.

Спадар Маёраў падкрэсьліў, што Беларусь атрымлівае расейскі газ у адпаведнасьці з кантрактамі, за што краіна разьлічваецца цалкам і своечасова. Няма праблемаў і з транзытам прыроднага газу для заходніх спажыўцоў.

Учора агенцтва «Інтэрфакс» распаўсюдзіла інфармацыю, што кожны дзень чарговага газавага канфлікту Расеі з Украінай наносіць беларускаму бюджэту шкоду на 140 тысяч даляраў. З такой ацэнкай пагадзілася аглядальніца газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

«Сапраўды, Беларусь не атрымлівае гэтых грошай за прапампоўваньне газу ва Ўкраіну праз нашу тэрыторыю. Гэта за тую частку, якая пастаўлялася праз нашу газавымяральную станцыю «Мазыр». Страты прыблізна такія», — заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода Тацяна Манёнак.

«Белтрансгаз» 4 сакавіка не камэнтаваў свае страты.

Нагадаем, што 3 сакавіка «Газпром» скараціў пастаўкі газу ва Ўкраіну на 25% (паводле ўкраінскага боку — на 35%), а 4 сакавіка яшчэ на 25%.

СП, паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0