Апошні тыдзень палова свету абмяркоўвае надзвычайную прыгажосць жыхаркі Душанбэ, 19-гадовай Муніры Мірзоевай. Дзяўчына займаецца азеляненнем раёна Шахмансур у таджыцкай сталіцы. Сусветную славу ёй прынеслі здымкі, зробленыя румынскім фатографам Міхаэлай Норак.
Спадарыня Норак падарожнічае па ўсім свеце, здымаючы людзей для праекта «Атлас прыгажосці». Яе мэта раскрыць жаночую прыгажосць з любога кутка свету. Не так даўно яна пабывала ў Душанбэ.
Муніру Мірзоеву ўжо ахрысцілі «таджыцкай папялушкай». Яе фоты аўтарства Міхаэлы Норак набіраюць тысячы лайкаў у сацыяльных сетках.
Як даведаліся журналісты і блогеры, Муніра з’яўляецца адзінай карміліцай у сям’і з сямі чалавек. Пасля школы яна марыла паступіць ва ўніверсітэт на медыка, аднак у сям’і не знайшлося на гэта грошай. Тым не менш паненка кажа, што ганарыцца сваёй працай, бо сумленна зарабляе грошы.
У сярэднім яна зарабляе ў месяц 110 даляраў. Часам бываюць выплаты прэміяльных.
«Калі б мае бацькі дазволілі, то я б хацела прыняць удзел у конкурсе прыгажосці за мяжой, але яны не дазволяць ніколі. Мае бацькі баяцца адпусціць мяне нават у караценькую паездку. Я праводжу ўвесь вольны час з рыдлёўкай і граблямі. Мае найлепшыя сябры – калегі-садоўнікі», - сказала Муніра ў інтэрв’ю.
У фэйсбуку ўжо пачаўся збор сродкаў на тое, каб «таджыцкая папялушка» змагла атрымаць вышэйшую адукацыю. На дадзены момант ужо сабрана 1650 даляраў, але арганізатары спадзяюцца давесці гэтую суму да 10 тысяч.