У інтэрвію брытанскай Financial Times кіраўнік кампаніяў мабільнай сувязі Telekom Austria Group і Mobilkom Austria Барыс Немзіч паведаміў: «Да нас у Беларусі паставіліся нашмат лепш, чым у Брусэлі. Гэта не палітычная заява. Так заяўляе бізнэс».

Барыс Немзіч адзначыў, што «задаволены тым, як беларускія ўлады летась паставіліся да прапановаў кампаніі, калі яна набыла 70% акцыяў Velcom’у за 730 мільёнаў эўра».

Заява бізнэсоўца мела нагодай чарговую спробы Эўракамісіі абмежаваць расцэнкі апэратараў мабільнай сувязі. Брусэль падазрае, што міжнародныя роўмінгавыя зборы (плата за карыстаньне паслугамі замежнага апэратара) — гэта вымаганьне грошай з кліентаў, а ня вынік справядлівай канкурэнцыі. На мінулым тыдні Эўракамісія заклікала эўрапейскіх апэратараў скараціць роўмінгавыя выдаткі на SMS-паведамленьні і на мабільны доступ у Інтэрнэт. На апошняй адмысловай канфэрэнцыі ў Барсэлёне на гэта нават вызначылі крайні тэрмін — да 1 ліпеня.

Прэс-сакратарка ЭК пад’ялдыкнула Немзіча: маўляў, ня ведаю, ад чаго яму бізнэс-клімат у Эўропе стаў не даспадобы, мо ад таго што фінансавыя вынікі ягоных кампаній ніякаватыя. Нягледзячы на экспансію на ўсходніх рынках, іх каціроўкі ўпалі на 10% за апошні год.

Прыклад Немзіча сьведчыць, што беларускія ўлады стараюцца паказаць сябе бізнэс-фрэндлі з заходнімі інвэстарамі. А некаторыя бізнэсоўцы радыя працаваць у аўтарытарных краінах: ані табе страйкаў, ані табе абмежаваньняў эксплюатацыі, ані мяжы прыбыткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?