Аляксандр Лукашэнка 28 жніўня сустрэўся з жыхарамі вёскі Расна Камянецкага раёна. У часе наведвання Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра важнасць імпартазамяшчэння і заклікаў не купляць імпартныя тавары.

«Навошта вам долар? Купіць імпартнае і паехаць у Егіпет адпачыць? Перажывём. Няхай лепш яно будзе крыху не тых мод, без дзірак на каленях. Як цяпер штаны носяць? Трэба працерці дзірку. У тым, у чым раней мы саромеліся на вуліцу выходзіць, цяпер ходзяць. Давайце ўжо не будзем праціраць гэтыя дзіркі, будзем хадзіць у беларускім, нармальнай бялізне, вопратцы, ручнікі будзем выкарыстоўваць беларускія і ежу беларускую», — заявіў ён.

Эмацыйную гаворку пра якасць беларускай прадукцыі з заклікам «насіць беларускае» Лукашэнкі прамаўляў ў новым гадзінніку, піша блогер Анатоль Міцура.

Што ж гэта за гадзіннік? Можа быць, Лукашэнка вырашыў пачаць з сябе і набыў беларускі гадзіннік «Прамень»? 

Днём раней Лукашэнка наведаў баваўняны завод у Баранавічах, і на сайце Лукашэнкі красуецца наступная фатаграфія.

Такая зашпілка — «мальтыйскі крыж» — фірмовы знак гадзіннікаў маркі Vacheron Constantin.

Vacheron Constantin лічыцца адной з самых дарагіх, прэстыжных і традыцыйных марак гадзіннікаў.

Ведаючы марку гадзінніка, можна выказаць здагадку, што гэта за мадэль і яе прыкладны кошт. Гадзіннік вельмі падобныя да Vacheron Constantin Geneve, цана на якія ў Маскве вагаецца (у залежнасці ад мадэлі) у раёне 15—20 тысяч долараў.

Новую дэкларацыю аб даходах прэзідэнта ЦВК яшчэ не апублікаваў, але ў адпаведнасці з папярэдняй дэкларацыяй Аляксандру Лукашэнку прыйшлося б тры гады ашчаджаць, каб набыць сабе такі гадзіннік, заключае блогер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0