Пасада кіраўніка апазыцыйнай партыі ў Беларусі — гэта пасада сьмяротніка. Яны навідавоку, іх ніхто ня любіць, па іх усе б’юць, ім няма ані опцыяў для манэўру, ані магчымасьці схавацца ад абстрэлу. Усенародны любімец на гэтай пасадзе мільгам мяняе імідж на зьненавіднага бюракрата, грантасоса, кліента Вашынгтону, руку ФСБ — карацей, псэўдаапазыцыянэра.

Баршчэўскі зьдзейсьніў цуд: прыйшоў на пасаду кіраўніка партыі і ня траціць рэпутацыі грамадзкага дзеяча. Таму Баршчэўскаму — які ніколі ня піша пра справы партыі, а аб пытаньнях нацыянальнага інтарэсу — адказваюць ад рэктара ВНУ да міністра абароны. Дыялёг, разгавор па сушчаству, чорт пабяры! А Баршчэўскі сабе піша... Бо пісаць умее. Прычым, у адрозьненьне ад іншых партыйных бонзаў, не цураецца патачыць пяро і на інтэрнэт-форумах. Ён вылучаецца.

Баршчэўскі выгадна выдзяляецца на агульным фоне, поўным разьдзяўбайства і расьсяроджанасьці — маўляў, па адзіночцы лягчэй выжываць на полі вялікае бітвы — таксама сваім дэманстратыўным упорам на парадак.

Ён настаяў на непапулярным, але, на ягоную думку, пільна патрэбным рашэньні аб умацаваньні ўнутрыпартыйнай дысцыпліны ў Партыі БНФ. Як настойваў на ўмацаваньні дысцыпліны ў Ліцэі.

Ён узяў на сябе адказнасьць за спрэчнае, але канечнае разьмежаваньне з Рухам за Свабоду, прычым зрабіў гэта неадкладна. Хтосьці лічыць гэта памылкай, хтосьці — пасьлядоўнасьцю ў прынцыпах.

Ён не хавае і свайго «я» за звыклым беларускім «мы». «Я разглядаю сем кандыдатур. І канчатковага выбару яшчэ не зрабіў», — можа сказаць ён пра выбар наступніка.

Палітычная мудрасьць Баршчэўскага выяўляецца ў дэталях. Вось адмовіўся ён ад належнай па разнарадцы пасады сустаршыні бясконца бюракратычнага АДС — цяпер аказваецца, ён ашчадзіў купу часу і не зьвязаў рэпутацыі. АДСу — АДСава, БНФу — нацыянальныя інтарэсы. А пра іх варта нагадваць і генэралам.

Калі б у Беларусі існавалі рэйтынгі палітыкаў, рэйтынг Баршчэўскага паказваў бы сталы рост. Але рэйтынгаў у Беларусі не існуе. І сама палітыка трывае ў форме ўзаконенага дысыдэнцтва. Дзіва што Баршчэўскі паўтарае сакрамэнтальнае «я не палітык» і ня гоніцца за прывідным лідэрствам у супольнасьці ўзаконеных дысыдэнтаў. Я не паэта, о крый мяне божа — пісаў у такіх выпадках Купала. Да пары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?