Праваахоўнікі затрымалі зламысніка, які каля будынка парламента кінуў у шэрагі праваахоўнікаў баявую гранату. Пра гэта паведаміў начальнік ГУМВД Украіны ў Кіеве Аляксандр Церашчук.

«Выявілі, хто кінуў гранату. Яго затрымалі, цяпер высвятляем асобу», — сказаў Церашчук.

У Кіеве ў сутыкненнях ля Вярхоўнай Рады сёння, 31 жніўня, было паранена 90 чалавек. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў міністр унутраных спраў Арсен Авакаў.

«Каля 90 параненых пад Радай, у тым ліку некалькі чалавек у цяжкім стане. Гэта вынік кінутых некалькіх выбуховых прылад з боку людзей у футболках партыі «Свабоды», што ўчынілі бойку з Нацгвардыяй пад ВР.

Спадар Цягнібок, чым «Свабода» адрозніваецца ад падонкаў, якія страляюць у нашых гвардзейцаў на фронце?!

Ніякія палітычныя мэты не апраўдваюць таго, што вы здзейснілі сёння пад Радай. Вы прывялі з сабой пад Раду не мітынг з палітычнымі рознагалоссямі — вы прывялі падонкаў, якія паранілі ў тым ліку больш за пятнаццаць байцоў, якія прайшлі фронт! Чацвёра байцоў з вельмі цяжкімі траўмамі вачэй, жывата, шыі і ног…

Чаму мы павінны трымаць у Кіеве баявых хлопцаў? Супраць Вас і вашых амбіцый? Чаму салдаты павінны атрымліваць раненні ад правакатараў пад вашымі сцягамі ў цэнтры Кіева, за 1000 км ад фронту!? Адказ — таму, што вы дзейнічайце злачынна і недапушчальна.

Расследаванне і пакаранне будуць няўхільнымі. Затрымана ўжо каля 30 чалавек. Будуць яшчэ. Гранатамётчык злоўлены — у яго канфіскаваныя гранаты, у тым ліку граната максімальнай паразы ф1.

Я прашу ў грамадства поўнай падтрымкі максімальна жорсткага пакарання тых, хто ўчыніў гэта ў цэнтры сталіцы! Калі мы ўсе разам не адрэагуем — краіна будзе апускацца ў хаос, пад дыктоўку нягоднікаў з гранатамі. Усяму ёсць мяжа — мяжа спрэчак і мяжа дыскусій… Але кідаць гранаты па сваіх гвардзейцах, якія прыйшлі з фронту — гэта не палітыка, гэта антыўкраінская вайна нягоднікаў, як бы яны сябе не называлі!» — напісаў Авакаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?