На сумесных вучэннях дэсантных сіл і спецназа Расіі, Беларусі і Сербіі, якія пачнуцца 2 верасня на поўдні Расіі, адпрацуюць сілавое падаўленне масавых пратэстаў. Пра гэта заявіў камандуючы ПДВ РФ Уладзімір Шаманаў.

«Мэта вучэнняў — падрыхтоўка і прымяненне сумеснай групоўкі ў спецыяльнай аперацыі па выяўленні і знішчэнні цэнтра падрыхтоўкі незаконных узброеных фарміраванняў», — паведаміў Шаманаў.

Паводле сцэнара вучэнняў, «антыўрадавыя элементы» і рэгулярныя ўзброеныя фармаванні суперніка спрабуюць шляхам правакацый і тэрактаў максімальна дэстабілізаваць абстаноўку ва ўмоўнай дзяржаве. Зыходзячы з гэтага, камандаванне аб'яднанай групоўкі прыняло рашэнне на правядзенне сумеснай антытэрарыстычнай аперацыі па знішчэнні незаконных узброеных фарміраванняў і аднаўленні правапарадку.

Па словах Шаманава, на першым этапе вучэнняў будзе шырока прымяняцца несмяротная зброя (якая менавіта, ён не ўдакладніў) — у ходзе «спецаперацыі па прадухіленні беспарадкаў і нагнятанні абстаноўкі па сцэнары Майдану».

Вучэнні, якія праводзяцца ў такім фармаце ўпершыню, пройдуць з 2 па 5 верасня на палігоне Раеўскі ў раёне горада Новарасійска.

З расійскага боку ў іх возьме ўдзел ўзмоцнены батальён 7-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой (горнай) дывізіі, ад Сербіі — асобная дэсантная рота, ад Беларусі — дзве роты сіл спецыяльных аперацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?