Рок-гурт Trubetskoy размясціў у інтэрнэце новы кліп на песню «Завяршаецца гульня». Гэтым відэаролікам музыканты развітваюцца са спадчынай свайго легендарнага папярэдніка — калектыву «Ляпіс Трубяцкой» — і адмаўляюцца ад выканання яго рэпертуару, паведамілі ў прэс-службе гурту.

Славуты панк-рок-калектыў «Ляпіс Трубяцкой» пасля 24 гадоў працы спыніў існаванне 1 верасня 2014 года. Музыканты гурту заснавалі два незалежныя праекты — Brutto на чале з лідарам «Ляпісаў» Сяргеем Міхалком і Trubetskoy на чале з Паўлам Булатнікавым. Неўзабаве паміж новымі гуртамі ўзніклі рознагалоссі адносна права на выкананне песень «Ляпіса Трубяцкога».

«Прайшоў год з моманту распаду «Ляпісаў» і ўтварэння нашага калектыву, — сказаў Булатнікаў. — Галоўнае, да чаго мы прыйшлі, — нам больш не патрэбныя «кастылі» ў выглядзе старых ляпісавых хітоў. Мы іх па-ранейшаму любім і прыносім прабачэнні ўсяму руху Lyapis Crew. Магчыма, частка фанаў спадзяваліся, што мы яшчэ доўга будзем спяваць толькі «Еўпаторыю» і «Ты кінула». На жаль ці, хутчэй, на шчасце — не».

«Гэтым кліпам мы развітваемся з «Ляпісамі». Удвая сімвалічна, што песню «Завяршаецца гульня» напісаў наш стары сябар, удзельнік аднаго з першых складаў «Ляпіса Трубяцкога» Аляксандр Ролаў, а эпічнае (не пабаюся гэтага слова) відэа зрабіў Аляксей Церахаў, аўтар самых знакавых ляпісавых кліпаў — ад «Ау» да «Воінаў свету». У каманды Trubetskoy хутка выйдзе дэбютны альбом, і пачнецца зусім іншая гісторыя», — дадаў музыкант.

Як паведамляецца, першы поўнафарматны альбом гурту Trubetskoy выйдзе ў кастрычніку гэтага года. У яго ўвойдуць новыя песні, якія раней нідзе не выдаваліся. Музыканты прэзентуюць дэбютны альбом на канцэртах у Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?