Пракурор Пінскага раёну Іван Наскевіч падтрымаў пажарнікаў у патрабаваньні спаганяць з пагарэльцаў грашовыя штрафы і кампэнсацыі за выезд на пажары.
З апэратыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях:
«2 сакавіка ў населенных пунктах Беларусі адбыліся 22 пажары. Зьнішчаны 4 пабудовы. Загінулі 7 чалавек».
«За суткі ад 6 гадзінаў 3 сакавіка ў населеных пунктах Беларусі адбылося 20 пажараў. Пашкоджаныя 13 забудоваў. Загінулі 3 чалавекі… «.
Увогуле, МНС фіксуе: «Ад пачатку 2008 году ў краіне адбылося больш як 1600 пажараў. У агні загінулі амаль 280 чалавек, у тым ліку 8 дзяцей. Траўміравана больш як 100 чалавек. Агонь зьнішчыў 278 пабудоў, пашкодзіў — 1730».
— У нашай вёсцы Беражцы двое беспрацоўных суткі навылет пілі «чарніла», — паведамляе мясцовы жыхар Іван Бут‑Гусаім, — разам яны спустошылі 11 пляшак. Пасьля адзін паклыпаў дахаты, а другі прылёг на ложку ў сваёй хаце. Закурыў і ўчыніў пажар. Ледзьве сам ногі вынес.
Суразмоўца кажа, што суседзі выклікалі выратавальнікаў. Тыя дамчаліся хутка, бо пажарны пост знаходзіцца ў цэнтры сельгаскаапэратыву «Парахонскі», а гэта ўсяго ў некалькіх кілямэтрах ад вёскі Беражцы.
Залілі агонь пажарнікі і падлічылі, што іх праца каштуе 157 тысяч 420 рублёў. На каго сьпісаць гэтыя расходы?.
— Толькі на самога пагарэльца!, — пераконвае інспэктар Пінскага атрада МНС Аляксандар Германовіч, — не такая дзяржава багатая, каб траціць бюджэтныя сродкі на розную п’янь!
У гутарцы са строгім інспэктарам Германовічам даведваюся, што Пінскі гарадзкі аддзел МНС ужо практыкуе спагнаньне грошай зь вінаватых пагарэльцаў.
— За юрыдычнай кансультацыяй і парадай мы зьвярнуліся да новапрызначанага пракурора Пінскага раёна Івана Наскевіча, — паведамляе суразмоўца, — давялі, што практычна ў кожным чацьвёртым зь дзесяці пажараў вінаватыя самі гаспадары.
Пракурор Іван Наскевіч прааналізаваў сабраныя выратавальнікамі факты. Паводле 12 падпалаў пракуратура вылучыла грашовыя зыскі на карысьць МНС.
Напрыклад, у вёсцы Пінкавічы гаспадыня зацепліла печку і, не зачыніўшы яе дзьверцы, адышла ў краму. А ў гэты час з топкі вываліўся вугельчык. На дым у хаце вяскоўцы выклікалі выратавальнікаў. У барацьбе з пачаткам пажару тыя затрацілі сілы і сродкаў на 106 тысяч рублёў. Маёмасьці выгарала на паўтара мільёна.
У вёсцы Чухава гаспадар сядзібы пакінуў без нагляду ўключаны электракіпяцільнік. Калі вада ў шклянцы выпарылася, электрапрыбор — успыхнуў. У гэтым выпадку выратавальнікі налічылі зыск пагарэльцу ў суме 338 тысяч 390 тысяч рублёў.
У Пінску пачаліся суды. Цяжка бачыць, як трасуцца рукі і коцяцца сьлёзы ў пагарэльцаў. Некаторыя зь іх увогуле ўцякаюць з залі паседжаньня, клянуць існуючую ўладу.
…Дымава, Агнёўка, Папялішкі, Пагарэлка, Пекла, Пярунова, Двор‑Жары, Ізбужар, Гарэліца, Гарэлы Бор, Пагарэлы Востраў, Новыя Гараны, Угляны… Падлічана, што больш як 800 вёсак у Беларусі маюць назвы, якія так ці інакш паходзяць ад памяці пра пажары. Тут цяпер можна пачуць пра шматлікія прыклады салідарнасьці грамады ў дапамозе пагарэльцам. Але не было яшчэ ў гісторыі беларускіх вёсак прыкладаў, каб пагарэльца цягнулі ў суд і адбіралі на штрафы грошы, якія зьбіраюць для яго аднавяскоўцы.