Дыскаграфія. Глюкі, Humanoid.

Калі Вам здаецца, што жыцьцё абыходзіць Вас бокам, паслухайце гэтую плытку. Патрыятычнай моладзі, увогуле, трымаць на палічцы, як абавязковы антыдэпрэсант. Інакш хана.

Атмасфэра падлеткавай party, дзе шумна, шмат алькаголю і незнаёмцаў, знаёмстваў і расстаньняў…

Адна з галоўных фішак магілёўскага гурту — дзіўны кантраст між не па‑мясцоваму супэрзапальнай музыкай і па‑мясцоваму звышдэпрэсіўнымі тэкстамі. Мажліва, падобныя песьні і з тым жа настроем сьпявалі лучнікі Робіна Гуда па дарозе на шыбеніцу. Так граюць людзі, якім насамрэч на**аць, што зь імі будзе заўтра.

…І праз увесь гэты сьцёб і браваду праходзіць такі нэрв, такі боль. Музыка ўзьнікае, нібы кампэнсацыя — калі табе горш за ўсё і ты пачынаеш сьмяяцца і жартаваць аж надзвычай гучна. Такая гіпэртрафаваная весялуха з ухі¬лам у максымалізм, ад якой усё ж робіцца лягчэй…

«Хутка я запоўню глебу геніяльным угнаеньнем», — на такім нэрве Сід Вішэз перасьпяваў «My Way» Фрэнка Сінатры. Такую музыку і так трэба граць (і слухаць), калі табе 19—20 і ўсё жыцьцё наперадзе. Каб не было пасьля сорамна за страчаную маладосьць. Упэўнены, «Глюкам» будзе што расказаць унукам (і даць паслухаць — каб «наглюкаліся»).

Вольскі, «працытаваны» ў пачатку альбому, нэрвова курыць у куце. Але ці пратрымаюцца хлопцы столькі ж, а калі пратрымаюцца, то ў што ператворацца?

Андрэй Бананаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0