У Мінску гэтымі днямі з візітам знаходзіцца каардынатар федэральнага ўрада Германіі па міжграмадскім супрацоўніцтве з Расіяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і Усходняга партнёрства Гернат Эрлер.

Ён сёння меў сустрэчу з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі апазіцыі (былі Лябедзька, Някляеў і Рымашэўскі; Таццяна Караткевіч хоць атрымала запрашэнне, але не прыйшла; была асобная сустрэча з Мікалаем Статкевічам), а таксама даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ.

Спадар Эрлер адразу адзначыў, што ягоны візіт стаў магчымы пасля таго, як 22 жніўня на волю выйшлі шасцёра палітвязняў.

«Гэты крок адкрывае магчымасць для перазагрузкай адносінаў Еўропы і Беларусі, — сказаў дыпламат. — Хацелася б, каб гэты першы крок меў працяг. У якасці вырашальнай падзеі мы маем на ўвазе выбары 11 кастрычніка, якія з'яўляюцца лакмусавай паперкай, што можа адчыніць дзверы ў адносінах Беларусі як з ЕС, гэтак і з Германіяй».

Прадстаўнік Германіі нагадаў, што 30 кастрычніка будзе разглядацца пытанне аб працягу ці прыпыненні візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Вырашальным фактарам тут зноў стануць прэзідэнцкія выбары.

«Калі ацэнка выбараў будзе станоўчай, то гэта дасць магчымасць весці палітычны дыялог па сутнасці», — адзначыў Гернат Эрлер.

Сярод кірункаў дыпламат адзначыў спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзян Беларусі, правядзення інвестыцыйнай канферэнцыі, дапамога Беларусі ва ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

З наступнага года Германія будзе старшыняваць у АБСЕ, таму на сустрэчы з Уладзімірам Макеем уздымалася пытанне адкрыцця ў Мінску тэхнічнага бюро АБСЕ.

«Урад гатовы ўзмацніць супрацоўніцтва з АБСЕ», — адказаў на такія прапановы Макей.

Якая ж будзе ацэнка прэзідэнцкай кампаніі, ці можна гаварыць пра нейкія высновы ўжо сёння? «Прадстаўнікі АБСЕ працуюць у Беларусі ад 26 жніўня. Цяпер яны на стадыі збору інфармацыі. У любым выпадку канчатковае рашэнне будзе не палітычным, а аб’ектыўным», — запэўніў прадстаўнік Германіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?