Паліцыя Турцыі затрымала чацвярых сірыйцаў, якія падазраюцца ў датычнасці да арганізацыі перавозкі для бежанцаў з Сірыі, чыя лодка перакулілася. Загінулі як мінімум 12 чалавек, сярод якіх трохгадовы Айлан Курдзі, яго пяцігадовы брат і іх маці, перадае RTÉ News са спасылкай на турэцкае агенцтва Dogan.

Па дадзеных RTÉ News, чацвярых падазраваных, сярод якіх капітан лодкі, затрымалі ўвечары 2 верасня і дапыталі на наступны дзень.

Фатаздымкі трохгадовага Айлана Курдзі, чыё цела выкінула на турэцкі пляж, шакавалі сусветную супольнасць. Сям'я хлопчыка была ў ліку бежанцаў з сірыйскага горада Кабані — з Турцыі яны спрабавалі дабрацца на лодцы да грэчаскай выспы Кос. Лодка перакулілася, што прывяло да гібелі як мінімум 12 людзей, сярод якіх маці і пяцігадовы брат Айлана.

Абдула Курдзі

Абдула Курдзі

Бацька хлопчыка, Абдула Курдзі, выжыў. Яго знайшлі ў паўпрытомным стане і даставілі ў бальніцу недалёка ад турэцкага горада Бадрум. Пазней ён распавёў агенцтву Dogan, што ў момант катастрофы яго дзеці выслізнулі ў яго з рук.

«Я трымаў за руку маю жонку. Але мае дзеці выслізнулі ў мяне з рук. Мы спрабавалі чапляцца за лодку, але з яе выходзіла паветра. Было цёмна, і ўсе крычалі», — сказаў ён.

Яго сястра Тээма, якая жыве ў Ванкуверы, распавяла канадскай газеце National Post, што даведалася пра гібель пляменнікаў і жонкі брата ад іншых сваякоў. Абдула з жонкай і дзецьмі раней падавалі уладам Канады заяву аб прадастаўленні статусу бежанца з прыватным спансіраваннем, але яна была адхілена з-за праблем з заявамі з Турцыі.

«Я спрабавала спансіраваць іх, і ў мяне ёсць сябры і суседзі, якія дапамаглі мне з банкаўскімі дэпазітамі, але мы не маглі выцягнуць іх, і таму яны адправіліся ў лодцы», — патлумачыла Тээма Курдзі.

Яна адзначыла, што плаціла за сваіх сваякоў арэнду ў Турцыі. Але, па яе словах, у Турцыі жахліва ставяцца да сірыйцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?