Валавы ўнутраны прадукт Беларусі можа скараціцца сёлета на 2,8% у параўнанні з 2014 годам, прагназуюць спецыялісты Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі.

Эксперты нагадваюць, што ў першым паўгоддзі паніжальны ўплыў на ВУП аказалі прамысловасць, будаўніцтва, транспарт і сувязь, аптовы гандаль. Нязначны станоўчы ўклад у ВУП унеслі толькі сельская гаспадарка і рознічны гандаль. 

«У другім паўгоддзі 2015 года дзеянне негатыўных фактараў і наяўных тэндэнцый шмат у чым захаваецца і, магчыма, узмацніцца. Па выніках студзеня—снежня 2015 года чакаецца скарачэнне аб'ёмаў рэальнага ВУП на 2,8 працэнтнага пункта да ўзроўню папярэдняга года, і тэмпы змянення ВУП, разлічаныя вытворчым метадам, складуць 97,2%», — мяркуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі, прагнозныя ацэнкі якіх апублікаваныя ў апошнім нумары «Экономического бюллетеня», які выдаецца інстытутам. 

На думку спецыялістаў НДЭІ, з мэтай забеспячэння макраэканамічнай збалансаванасці ў другой палове 2015 года трэба «прадоўжыць работу над ліквідацыяй наяўных дыспрапорцый» у эканоміцы. 

«Ключавую ўвагу трэба надаць правядзенню неабходных структурных рэформ для павышэння эфектыўнасці функцыянавання эканомікі Беларусі, паляпшэння інвестыцыйнага клімату і развіцця канкурэнтаздольнага асяроддзя», — лічаць эканамісты інстытута Мінэканомікі. 

Нагадаем, паводле звестак за студзень—ліпень, ВУП Беларусі знізіўся на 4% (пасля зніжэння на 3,3% за першае паўгоддзе). Нацыянальны статыстычны камітэт растлумачыў, што адмоўная дынаміка ВУП у ліпені была абумоўленая больш познім перыядам пачатку сельскагаспадарчых работ па ўборцы ўраджаю. 

Як паведамлялася раней, афіцыйны прагноз, зацверджаны беларускімі ўладамі на 2015 год, прадугледжвае рост ВУП на 0,2—0,7%. У той жа час міжнародныя фінансавыя арганізацыі (у прыватнасці, Сусветны банк) прагназуюць, што ВУП Беларсі знізіцца ў 2015 годзе на 3,5%. 

У сваю чаргу, міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі заяўляў у ліпені гэтага года, што Мінэканомікі Беларусі прагназуе аднаўленне станоўчай дынамікі ВУП у другім паўгоддзі 2015 года. 

«Мы не пераглядалі афіцыйны прагноз на гэты год, хаця, канешне, у розных сцэнарыях даем розныя ацэнкі. Мяркуем, дасягнутая ў выніку дзеянняў урада і Нацбанка макраэканамічная стабілізацыя, паскарэнне расійскай эканомікі ў другім паўгоддзі, зніжэнне працэнтных ставак у Беларусі зробяць важны ўнёсак у паскарэнне эканамічнага развіцця нашай краіны ўжо сёлета», — заявіў Уладзімір Зіноўскі, выступаючы ў ліпені на пасяджэнні сумеснай калегіі Міністэрства эканомікі Беларусі і Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?