Паводле незалежнага парталу «Рагачоў анлайн»Сяргея Якаўлева арыштавалі ў яго доме праз некалькі гадзін пасля святочнай лінейкі ў СШ №6, на якой ён прысутнічаў у якасці «ганаровага» госця: «Кіраўніка горада арыштавалі дома, прыкладна ў 19:20».

Паводле сьледзтва, старшыня Рагачоўскага райвыканкама, калі будаваў прыватнае жыльлё, загадваў падначаленым яму арганізацыям перадаваць яму таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці па заніжанай цане, а таксама прадстаўляць паслугі бяз поўнай аплаты.

Рагачоўскі райвыканкам апошнія два гады ўзначальваў Сяргей Якаўлеў.

Рагачоўскі райвыканкам апошнія два гады ўзначальваў Сяргей Якаўлеў.

Што кажуць мясцовыя жыхары пра магчымую датычнасьць яго да карупцыі, пра стыль кіраваньня і імаверныя прычыны крымінальнага перасьледу?

Грамадзкі актывіст, рэдактар парталу «Рагачоў анлайн» Дзяніс Дашкевіч згадаў, што першыя зьвесткі пра магчымы арышт Сяргея Якаўлева ў Рагачове зьявіліся яшчэ ў чэрвені ў сувязі са справай іншага падазраванага ў карупцыі чыноўніка, былога намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму Віктара Банчука.

«Банчук жа ад нас «пайшоў» у Гомель. У Рагачове ён два гады таму быў старшынёй райвыканкаму, да прызначэньня Сяргея Якаўлева.

Цяпер кажуць, што Банчук пачаў супрацоўнічаць са сьледзтвам, актыўна дае паказаньні, у тым ліку і на былых калегаў. Яго прывозілі ў Рагачоў на сьледчыя дзеяньні, вадзілі па горадзе, у тым ліку па цэнтры, дзе павінны былі зрабіць парк. Грошы на парк выдзелілі вялікія, але нічога не пабудавалі, толькі яму выкапалі.

А вось і гэты парк. Фота «Рагачоў анлайн»

А вось і гэты парк. Фота «Рагачоў анлайн»

Таму ня выключана, што ў справе Якаўлева будуць і іншыя эпізоды, а ня толькі дом, які ён будуе. Дарэчы, дом гэты ня надта і вялікі, два паверхі, у мікрараёне Задруцьце. А жыў ён у ведамасным доме, дзе раней жыў Банчук — той дом добры, вялікі, за агароджай, з садам. Але вось вырашыў яшчэ і свой пабудаваць. Аднак, паводле нашых зьвестак, там не такія і вялікія сумы яму інкрымінуюць».

Чаму на чыноўніка вырашылі завесьці крымінальную справу, а ня проста адправілі ў адстаўку? Дзяніс Дашкевіч не выключае, што гэтак цэнтральная ўлада адводзіць ад сябе ўсё большае незадавальненьне жыхароў раёну.

«Людзі ўзлаваныя, бо фактычна стаяць усе прадпрыемствы — 90% ужо не працуюць.

Мэблевая фабрыка цалкам спыненая, цагляны завод — зьнішчаны, на «Дыяпраектары» раней працавала каля 5 тысяч працаўнікоў — цяпер каля тысячы. Скарачэньні ідуць на мясцовым малочным камбінаце, заробкі ў людзей упалі ў некалькі разоў. У горадзе вялікія праблемы з інфраструктурай — нават няма вялікай крамы. Пачалі будаваць гандлёвы цэнтар, але ўжо 3 гады ня могуць дабудаваць. Вось з усіх гэтых цаглінак і складаецца незадавальненьне. Прычым, відаць, незадавальненьне ідзе на адрас і паважанага прэзыдэнта, таму вырашылі гэтак перанакіраваць гнеў людзей».

Мясцовы грамадзкі актывіст Уладзімер Мельнікаў кажа, што адмоўных момантаў у працы Сяргея Якаўлева ў Рагачоўскім райвыканкаме хапала.

«Пра яго на пасадзе да прызначэньня ў Рагачоў казалі, што прынцыповы чалавек, патрабавальны, пунктуальны.

А тут ужо сталі казаць, што нібыта хамаваты, мог і брыдкасловіць, і прынізіць. Расказваюць, што неяк на жанчыну казаў пры ўсіх, што «…паставіць».

Не прысутнічаў пры гэтым, таму дакладна ня ведаю, ці так было. Але ж гэта агульная тэндэнцыя. І вось аказалася, што і домік нейкі… Ну, як заўсёды».

Паводле Ўладзімера Мельнікава, у Рагачове ўжо шмат гадоў не было ніякіх апазыцыйных акцыяў. «Запужалі людзей, зацюкалі гэтак, што ніхто ўжо і не зьвяртаецца, дый месца правядзеньня акцыяў дагэтуль ня вызначылі. На мясцовых выбарах два гады таму ішло чалавек 5 незалежных кандыдатаў. Не апазыцыянэры, а проста людзі не ад улады, пэнсіянэры, якія іх бы хоць маглі пакрытыкаваць. Дык нікога не прапусьцілі. Маніпулююць вынікамі, як хочуць. Наш мясцовы актывіст Уладзімер Тамковіч злавіў іх за руку, выклаў у інтэрнэт, як насамрэч было на тых выбарах. Што паводле пратаколу на датэрміновае галасаваньне прыйшло 307, а напісалі — 640. У дзень асноўнага галасаваньня прыйшло 485, а 615 напісалі. Тамковіч пайшоў да пракурора, каб правялі праверку. Правялі і далажылі, што нібыта ўсё нармальна. І які вынік? А вось які.

Што робіць улада, якую прызначаюць зьверху? Займаецца карупцыяй. Калі будзем іх абіраць, дык будуць падкантрольныя. А так ён будзе ўсіх далей пасылаць і ў позу «ставіць» тую жанчыну».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?