На сёньня ўсе чатырнаццаць падазраваных — М.Пашкевіч, А.Бондар, А.Баразенка, П.Вінаградаў, У.Сяргееў, А.Дубскі, А.Стральцоў, А.Чарнышоў, А.Кім, А.Койпіш, М.Крываў, М.Субач, Т.Цішкевіч, М.Дашук — па справе вулічнай акцыі 10 студзеня пераведзеныя ў статус абвінавачаных. Некаторыя фігуранты справы далі ў пятніцу прэс‑канфэрэнцыю, каб расказаць аб падрабязнасьцях сьледзтва.

«10 студзеня была абсалютна мірная і негвалтоўная дэманстрацыя, людзі выйшлі на плошчу, каб дамагацца сваіх правоў. Мы ўсе былі затрыманыя і асуджаныя на суткі. На Акрэсьціна ў нас адбываліся допыты. Тыдзень таму са сьведкаў нас перавялі ў падазраваных, а 4 сакавіка — у абвінавачаныя», — пачаў актывіст АГП Міхаіл Крываў.

На ягоную думку, судовы працэс па гэтай справе пройдзе ў пачатку красавіка.

Міхаіл Пашкевіч з «Маладых дэмакратаў» расказаў, што сёньня ён разам зь іншымі палітыкамі і грамадзкімі актывістамі сустракаўся з паслом АБСЭ Ганс‑Ёхэнам Шмітам.

«Мы перадалі спадару паслу зварот да міжнароднай супольнасьці з просьбай зьвярнуць увагу на нашу крымінальную справу, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча. Мы заклікалі дыплямата асабіста наведаць Кіма ў турме, каб ён на свае вочы ўбачыў гэтага і хлопца і даведаўся падрабязнасьці справы зь першых вуснаў. Нас ужо судзілі за гэтыя правапарушэньні, а цяпер зьбіраюцца зрабіць гэта паўторна», — кажа М.Пашкевіч.

Хлопец таксама паведаміў, што найхутчэй, ня ўсе абвінавачаныя паўстануць перад судом. Аляксандар Баразенка знаходзіцца цяпер ва Ўроцлаве, дзе навучаецца па адукацыйнай праграме фонду Каліноўскага. Цяпер уезд на тэрыторыю Беларусі для Баразенкі закрыты.

Антон Койпіш і Тацяна Цішкевіч падчас сьледзтва пазбавіліся месцаў у ВНУ. Дзяўчыну 21 студзеня выключылі з Акадэміі фізвыхаваньня за несвоечасовую аплату. Койпіша ж на днях адлічылі з мэхмату БДУ нібыта за акадэмічную непасьпяховасьць. Антон кажа:

«У матэрыялаў справы пастаянна зьяўляюцца толькі нейкія няякасныя цёмныя фотаздымкі, на якіх цяжка нават разабраць твары людзей. Прычым, бачна, што зробленыя яны ўжо ў цёмную пару сутак, а па матэрыялах справы я нібыта парушаў закон і а 14 гадзіне».

Міхаіл Крываў працягвае: «Я неаднаразова пытаўся ў сьледчага, ці ёсьць у тым, што я рабіў склад крымінальнага злачынства? Хіба я біўся зь міліцыянтамі, разьбіваў вітрыны крамаў, ці варочаў аўтамабілі? Не».

Уладзімер Сяргееў адзначае, што новы крымінальны ціск на актывістаў апазыцыі пачаўся акурат напярэдадні 25 Сакавіка. Хлопец лічыць, што такім чынам улады паспрабуюць зьнізіць пратэстны настрой у грамадзтве. Сяргееў таксама згадаў, што ў суд перададзеная і крымінальная справа Кацярыны Салаўёвай, якую абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Аляксей Бондар кажа, што завядзеньне супраць яго крымінальнай справы не было дзівам.

«У нашай краіне праваахоўныя органы не кіруюцца законам, а толькі загадамі. Я нічога не хачу казаць у сваё апраўданьне. Варта ацэньваць свае дзеяньні з пункту гледжаньня маралі і філязофскага разуменьня свабоды і справядлівасьці», — кажа А.Бондар.

На прэс‑канфэрэнцыі таксама прысутнічала маці Андрэя Кіма Тацяна, ейнага сына абвінавачваюць ужо па другім крымінальным артыкуле.

«Мне не дазволілі сустрэцца з сынам на ягоны дзень нараджэньня. Калі я патэлефанавала ў пракуратуру з просьбай вызваліць яго з турмы пад хатні арышт ці іншую меру стрыманьня, то мне паведамілі, што адказ будзе празь месяц. Я сказала, што за месяц Андрэй можа памерці. На гэта быў наступны адказ: ну і што? Я разумею, што ў нашай краіне, чым больш прыстойны чалавек, тым больш небясьпечны ён для грамадзтва», — лічыць Тацяна Кім.

Варта адзначыць, што на працягу ўсёй прэс‑канфэрэнцыі, якая праходзіла на офісе АГП, каля будынку дзяжурылі амонаўцы. Найхутчэй, яны чакалі Алеся Стральцова і Аляксея Бондара, якія так і не зьяўляліся да сьледчых па справе. Сёньня хлопцы маюць атрымаць пастановы аб пераводу іх у абвінавачаныя.

Зьміцер Панкавец

відэа маці Кіма

Відэа Алеся Бондара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0