У 2016 годзе Верхні горад у Мінску плануецца зрабіць пешаходнай зонай, паведаміў на прэс-канферэнцыі 7 верасня ў Мінску старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. 

Ён нагадаў, што раней планавалася зрабіць пешаходнай вуліцу Карла Маркса. «Па выхадных мы запаўнялі гэту вуліцу культурнымі масавымі мерапрыемствамі, што прыносіла нязручнасць жыхарам гэтай вуліцы. Мы вясной прынялі рашэнне, што вуліца Маркса не будзе пешаходнай», — растлумачыў кіраўнік Мінгарвыканкама. 

«Цяпер мы адпрацоўваем пытанне аб закрыцці для транспарту тэрыторыі Верхняга горада. Мы бачым, што гэта дае пэўны вынік, калі мы праводзілі і джазавыя фестывалі, і музычныя вечары. Гэта тэма запатрабаваная, людзі гэта ацэньваюць, ім падабаецца. Мы, напэўна, прыйдзем да таго, што зробім Верхні горад поўнасцю пешаходным і будзем на выхадныя праводзіць там мерапрыемствы для гараджан», — сказаў Шорац. 

Паводле яго слоў, плануецца звязаць Верхні горад і з Траецкім прадмесцем, і з паркам Горкага. «Трэба выбудаваць правільную лагістыку. Мы зацікаўленыя, каб усе былі занятыя: і бацькі, і дзеці. Каб працавалі аб'екты харчавання і чалавек мог быць увесь дзень заняты. Мы цяпер глядзім нацягнутасць і нюансы, якія ў нас былі, улічваем усе недахопы. Думаю, у наступным годзе зробім гэту зону адпачынку для мінчан і гасцей сталіцы», — сказаў Шорац. 

Наконт развіцця сеткі веладарожак у сталіцы і прыгарадзе ён адказаў: «Мы прапрацоўвалі пытанне з Мінскай вобласцю, каб выйсці з веладарожкамі на некаторыя трасы — у раён Бараўлянаў працягнуць». Паводле слоў Шорца, ён даручыў разгледзець пытанне аб прадаўжэнні веладарожкі ад аквапарку «Лябяжы» да Цнянкі, каб з мінімальнымі затратамі выкарыстоўваць існуючую інфраструктуру асвятлення і ацаніць, «колькі яшчэ кіламетраў веладарожак пракласці». Ён таксама паведаміў, што плануецца прадоўжыць на 5 км веладарожку ў Лошыцкім парку. «У найбліжэйшай перспектыве пакуль усё», — рэзюмаваў чыноўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?