Былы спікер «Народнай рады» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Андрэй Пургін знаходзіцца пад арыштам. Пра гэта ў панядзелак ria.ru расказала дэпутат «Народнай рады» Элада Шафтнер са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Андрэй Пургін у Мінску, у верасні 2014 г., фота Tut.by

Андрэй Пургін у Мінску, у верасні 2014 г., фота Tut.by

«Андрэй Яўгенавіч Пургін і яго жонка Алена Аляксееўна знаходзяцца цяпер у МДБ (г.зв. «міністэрства дзяржаўнай бяспекі» ДНР)», — сказала Шафтнер.

Дэпутат, якая з'яўляецца паплечнікам Пургіна, сцвярджае, што гэтая інфармацыя з'явілася ў яе «з надзейных, правераных крыніц». На пытанне, ці знаходзіцца Пургін у камеры, яна адказала станоўча.

«Гэта можна лёгка праверыць, калі прыйсці да яго дадому і проста папрасіць, каб ён выйшаў. Ён не выйдзе, бо яго дома няма. Тэлефоны Алены Аляксееўны і Андрэя Яўгенавіча адключаныя. Ніякіх абвінавачванняў ні ўчора, ні сёння не было вылучана. Больш за тое, у пятніцу, калі яго арыштоўвалі, нават генеральная пракуратура не ведала пра тое, што робяцца такія рэчы», — патлумачыла дэпутат.

Пургіна адправілі ў адстаўку з пасады спікера «Народнай рады» данецкіх сепаратыстаў 4 верасня, пры гэтым ён захаваў дэпутацкі мандат. Такое рашэнне прынялі пераважная большасць дэпутатаў, якія сабраліся на пазачарговую сесію. Часовым спікерам стаў намеснік Пургіна Дзяніс Пушылін.

Адстаўку Пургіна дэпутаты звязваюць з дзейнасцю Аляксея Аляксандрава, якога ён прызначыў начальнікам апарата парламента. Дзейнасць Аляксандрава расцанілі як дэструктыўную, цяпер яе расследуюць праваахоўныя органы «ДНР».

Пазней Дзяніс Пушылін абвергнуў паведамленні пра арышт Пургіна.

«Ён знаходзіцца ў Данецку, з ім усё ў парадку, ён не арыштаваны. Я сам рыхтуюся да заўтрашняй сустрэчы ў Мінску, ніякай іншай інфармацыі ў мяне няма», — сказаў Пушылін у гутарцы з «Коммерсантом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?