Нічога ня зробіш – усё, што ўжо напісана, ці яшчэ будзе напісана пра Чарнобыль, будзе здавацца састарэлым або недастаткова новым. Нам здаецца, што мы ведаем пра Чарнобыльскую катастрофу ўсё – столькі ўсяго было пра яе сказана ды напісана за апошнія 20 год. Нават сёлетні даклад «Грынпіс», зь якога вынікае, што маштабы катастрофы штучна прымяншаліся ААН і што ахвярамі Чарнобылю могуць стаць яшчэ каля 100 тыс. чалавек, зь іх – дзясяткі тысяч у Беларусі, нас не асабліва ўразіў. Чагосьці падобнага мы чакалі, здагадваліся ў глыбіні душы, што маштабы катастрофы трохі прымяншаюць. А калі казаць па шчырасьці, дык наступствы Чарнобылю нас ня надта й цікавяць.

Ахвяры экспэрымэнту

Насамрэч, мы даўно зьмірыліся з Чарнобылем як фактам нашай і нашых дзяцей біяграфіі, з аддаленымі наступствамі радыяцыі, з хлусьнёй пра катастрофу, з безадказнасьцю ўладаў. «Чарнобыльскі шлях» ператварыўся зь цягам часу ў рытуал. Вельмі важны рытуал, безь якога нельга ўявіць нашае жыцьцё. Але як рытуал пахаваньня дапамагае перажыць гора, разьвітацца з блізкімі людзьмі, каб потым, хоць бы на нейкі час, забыцца на сьмерць, гэтак «Чарнобыльскі шлях» дапамагае забыць аб Чарнобылю. Вось і яшчэ год мінуў, вось і яшчэ адна круглая дата адзначаная...

Нібыта ў пэрыядзе паўраспаду радыеактыўнага стронцыю ці іншых радыеактыўных рэчываў год альбо некалькі гадоў нешта значаць.

Спачатку мы спадзяваліся на навукоўцаў – фізыкаў-ядравікоў, радыебіёлягаў, эколягаў, псыхолягаў. Яны ўсё нам растлумачаць, раскладуць па палічках, абгрунтуюць і спрагназуюць. Быццам ня фізыкі ды іншыя навукоўцы рознага профілю спрычыніліся да стварэньня Чарнобыльскай АЭС, не яны казалі пра бясьпеку рэактараў РБМК, не яны спраектавалі потым саркафаг, які стаўся ня столькі пасткай для чарнобыльскай радыяцыі, колькі пасткай з гадзіньнікавым мэханізмам для насельніцтва Беларусі і Ўкраіны, усяе Ўсходняе Эўропы.

Акадэмік Лягасаў, які стрэліў сабе ў скроню, быў адзіным сярод сваіх калегаў, хто судзіў сябе. Астатнія – такія, як акадэмік Веліхаў, – спачатку прыяжджалі ў Менск на «Чарнобыльскі шлях», выступалі на апазыцыйных мітынгах. А калі ўбачылі, што ніякага суду над імі ня будзе, зноў пайшлі ўладзе служыць, зь яшчэ большай ахвотай, чым раней. Цяпер яны даводзяць, што наступствы Чарнобыльскай аварыі перабольшаныя напалоханымі абываталямі ды цемрашаламі.

Тыя, хто працягваў навуковыя дасьледаваньні ў рэальных абставінах, у пацярпелых раёнах – такія, як Бандажэўскі, – патрапілі ў турму альбо, ў лепшым выпадку, перасталі карыстацца падтрымкай – фінансавай з боку ўладаў і маральнай з боку грамадзтва. Надакучыла жыць увесь час, як на Чарнобыльскім рэактары.

Дзяржава роўна дзеліць

Расчараваўшыся ў айчынных аракулах і адмыслоўцах, мы з палёгкай вырашылі – замежжа нам дапаможа...

Гуманітарная дапамога шматлікіх міжнародных дабрачынных фондаў, народаў і ўрадаў заходняга сьвету ўспрымалася як нешта натуральнае й належнае. Ізноў жа, яна дапамагала нам забыцца аб праблемах Чарнобылю. Зьявіліся справы больш неадкладныя – як уладкаваць дзяцей, альбо сваякоў на адпачынак куды-небудзь у Нямеччыну ці ў Італію. Як атрымаць бясплатныя лекі, мэдыкамэнты, вопратку, ежу. Як зрабіцца ахвярай Чарнобылю, не ахвяруючы нічым у сваім жыцьці.

Калі пасылаць дзяцей за мяжу стала няможна, а рэчы й лекі стала можна атрымліваць толькі празь дзярждэпартамэнт, хутка зьмірыліся і з гэтым. Галоўнае, каб нешта вырашалі за нас і бяз нас, а дзяржава гэта, ці замежныя арганізацыі, улучна з ААН і МАГАТЭ, – ня так і важна. Дзяржава, вядома, лепш, бо яна дзеліць заўсёды па-роўну. Нават калі няма чаго дзяліць, акрамя дзіркі ад бубліка, усё адно – галоўнае, што ўсім дастанецца аднолькава мала. Ну, калі не лічыць некаторых абраных, зразумела. Але ж Чарнобыль тут ні пры чым.

Ад Вострава Сьлёз да праспэкту Пераможцаў

Яшчэ да нядаўняга часу публіцысты дзялілі сучасную гісторыю на да- і пасьлячарнобыльскую эпоху. Гэта падавалася нам слушным. Бо калі кажуць, што савецкая імпэрыя распалася бяз шуму й пылу, прынамсі бяскроўна, чамусьці забываюцца, што былі й шум, і радыеактыўны пыл. І крыві ў шпіталях не ставала для ліквідатараў, закранутых прамянёвай хваробай. Забываюцца пра тысячы дзяцей, якім наканавана прайсьці праз рак шчытападобнай залозы. Забываюцца пра тых, хто памёр, і тых, каму яшчэ наканавана пайсьці з жыцьця раней тэрміну.

Савецкая сыстэма, бязьлітасная й тупая, бязьлітасна й бяздарна падарвала сама сябе ў Чарнобылі, пусьціўшы ў паветра апошнія ілюзіі. Але ж атрута маны нейкім фантастычным чынам захавалася ў крыві й генах мільёнаў людзей. Яна аказалася мацнейшай за радыяцыйнае атручваньне, бэта- й гама-апраменьваньне, за радыенукліды на забруджаных тэрыторыях. Усяго праз дваццаць гадоў пасьля катастрофы нам падаецца, што ніякага Чарнобылю й не было...

Не было галоснасьці й перабудовы, не было крушэньня камунізму, не было ГКЧП, не было бел-чырвона-белага сьцяга й гербу Пагоня ў Вярхоўным Савеце, не было маршу на Курапаты і «Мартыралёгу Беларусі», не было Талакі і барацьбы за Верхні Горад у Менску, не было вайны ў Аўганістане. Заўсёды быў, ёсьць і будзе толькі КГБ. І канечне, праспэкт Пераможцаў. На яго адкрываецца цудоўны від з «Вострава Сьлёз», дзе стаіць помнік «аўганцам».

Аб узьдзеяньні гама-выпраменьваньня на валошкі

Публіцысты, аднак, памыляліся, калі пісалі пра «духоўны Чарнобыль». Калі б атамны рэактар выбухнуў дзе-небудзь у пустыні Нэвада, альбо на атоле Муруроа, страты ад выбуху былі б мінімальныя – ну, зьніклі б альбо трансмутавалі б некалькі відаў яшчарак ці расьлінаў. Чарнобыль закрануў мільёны людзей у былым СССР. Але ж выбух адбыўся, усё-ткі, у пустыні. Яна была перад гэтым выпаленая дзесяцігодзьдзямі сталінскіх рэпрэсіяў, камсамольскіх будоўляў, калгасамі й капаньнем бульбы студэнтамі ў восеньскі сэмэстар, асушэньнем Палесься й вынішчэньнем беларускай мовы.

Радыяцыя вельмі падобная па сваім узьдзеяньні на прапаганду. Яе нельга фізычна адчуць, у яе няма паху й смаку (ну, амаль ніколі няма), яе нельга ўзважыць. Але яна мяняе склад крыві, робіць здаровы арганізм безнадзейна хворым, адымае сілы, памяць, здольнасьць мысьленьня й маўленьня. Дваццаць гадоў таму, пасьля Чарнобылю, мы атрымалі свабоду слова. Але навошта яна таму, каму няма чым і аб чым гаварыць?

Некалькі год таму падчас аднаго з апазыцыйных мітынгаў міліцыя затрымала ў раёне Кастрычніцкай плошчы ў Менску чалавека. Як і ўсіх затрыманых, яго абвінаваіцлі ў брыдкаслоўі ды выкрыкваньні недазволеных лёзунгаў. У судзе высьветлілася, што затрыманы – глуханямы ад нараджэньня. Яго, зрэшты, гэта не пазбавіла ад пакараньня.

Усе мы чымсьці падобныя на таго небараку. Толькі некаторыя з нас ужо навучыліся альбо вучацца гаварыць у голас. Можа быць, гэта вынік чарнобыльскай мутацыі? Гадоў праз дваццаць стане зразумела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0