Рашэньне Аляксандра Лукашэнкі — пэўне ж, гэта было ягонае асабістае рашэньне — адклікаць пасла з ЗША і замарозіць і без таго халодныя адносіны зь вялікай дзяржавай выглядае і нечаканым, і нематываваным. Бо ж апошнія санкцыі ЗША датуюцца 13 лістапада, дый мелі яны хутчэй сымбалічны, чым рэальны характар, тое адразу быў адзначыў намесьнік міністра эканомікі Беларусі.
Для чаго тады гэтая гульня на апераджэньне? І чаму яна адбываецца на наступны дзень пасьля размовы з моцным чалавекам Расеі, адыходзячым прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным?
Крок яўна мае ня толькі тактычныя — напрыклад, прыкруціць гайкі перад Днём Волі — але і стратэгічныя мэты.
А. Лукашэнка падыгрывае антызаходнім сілам у Расеі ў момант перапазыцыянаваньня пасьля зьмены прэзыдэнта. Ён падкрэсьлівае свой кантраст зь Мядзьведзевым, свой імідж рашуча антыамэрыканскага лідэра, каб дадаткова апраўдаць сваю нязьменнасьць побач з расейскімі ратацыямі.
«Бі першы» — гэты прынцып быў уласьцівы першаму прэзыдэнту Беларусі ад пачатку ягонай кар'еры.